У Оршы судзяць youtube-блогера Шэрага ката

Youtube-блогера з Оршы Зміцера Казлова, вядомага як Шэры кот, сёння, 2 снежня, будуць судзіць за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве па ч.1 арт. 23.34КаАП. Вядома, што пратакол на Казлова быў складзены за акцыю "Сустрэча свабодных людзей", якая прайшла 16 лістапада на плошчы Свабоды ў Мінску.

Блогера выклікалі позваю да старшай ўчастковай Аршанскага РАУСа Ліліі Трушко 30 лістапада ў якасці “ўдзельніка адміністрацыйнага працэсу”. Пазней стала вядома, што з аддзялення міліцыі ён патрапіў у ізалятар часовага ўтрымання, да суду.

Сёння зранку Зміцера Казлова прывезлі ў Аршанскі райаддзел міліцыі і абвясцілі, што працэс будзе адбывацца там, а не ў судзе, піша spring96.org. Туды ж прывезлі яшчэ некалькі ўтрыманцаў ІЧУ, але з 12.45 суддзя Кацярына Мажэйка абвясціла перапынак на неакрэслены тэрмін. Пра гэта паведаміла ў Facebook журналістка Алена Сцяпанава. Пазней стала вядома, што пасяджэнне ўсё ж адбудзецца ў Аршанскім раённым судзе.

Характэрна, што першапачаткова разгляд адміністрацыйнай справы блогера быў прызначаны на шостага снежня ў судзе Маскоўскага раёна Мінска. Які быў сэнс затрымліваць яго да суда ў Оршы, пакуль незразумела.

Нагадаем, што сёння ў Мінску таксама пачаліся суды над актывістамі.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!