У Оршы збіраюць подпісы за ўшанаванне месца масавых расстрэлаў 1930-х

Нашчадкі рэпрэсаваных і аршанскія актывісты пачалі збор подпісаў пад электроннай петыцыяй за ўсталяванне памятнага знака на адным з месцаў масавых расстрэлаў 1930-х гадоў — у лесе на Магілёўскай шашы. У выпадку адсутнасці ў райвыканкама сродкаў падпісанты гатовыя ўсталяваць такі знак за ўласныя сродкі пасля ўзгаднення з мясцовымі ўладамі. Збор подпісаў вядзецца ў рамках грамадскай кампаніі «Забітыя, але не забытыя».
Нагодай для звароту стала публікацыя ў інтэрнэце фатаграфій Генеральнага плана Оршы, на якіх лес на Кабыляцкай гары і лес на Магілёўскай шашы каля вёскі Панізоўе (раней Паддубцы) пазначаныя як меркаваныя месцы масавых пахаванняў ахвяр рэпрэсій 1930-х гг.

Аўтары петыцыі нагадваюць, што інфармацыя аб расстрэлах, якія праводзіліся тут, утрымліваецца і ў Акце камісіі прадстаўнікоў савецкіх і адміністрацыйных органаў. Акт быў складзены 20 верасня 1982 года ў сувязі з выяўленнем на Кабыляцкай гары пры будаўніцтве пад'язной чыгуначнай галіны да заводу ЖБВ Міжкалгасбуда брацкай магілы з парэшткамі пяцідзесяці чалавек з кулявымі адтулінамі ў чарапах. У камісію ўваходзілі прадстаўнікі Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, супрацоўнікі пракуратуры, міліцыі, ваенкамата, лекар судова-медычнай экспертызы горада Оршы. Камісія паказала, што па ўспамінах старажылаў, у перыяд 1937—40 гадоў «лес так званай "Кабыляцкай гары" быў месцам масавых расстрэлаў ні ў чым не вінаватых людзей, гэтак жа, як лясны масіў па Магілёўскай шашы ля в. Паддубцы». У кнізе «Памяць» Оршы і Аршанскага раёна выдавецтва «Беларуская энцыклапедыя» ім. П.Броўкі, выдадзенай у 1999 годзе, таксама паказваецца, што па сведчаннях відавочцаў смяротныя прысуды ў перыяд сталінскіх рэпрэсій прыводзіліся ў выкананне ў раёне Кабыляцкай гары і Магілёўскай шашы.

Аўтары петыцыі нагадваюць, што ў канцы 1980-х — пачатку 90-х Камісія па аказанні садзейнічання ў забеспячэнні правоў і інтарэсаў рэабілітаваных і ўшанаванні памяці ахвяр рэпрэсій у 1920-х — 50-х гадоў пры Аршанскім гарвыканкаме даручыла гарадскім уладам усталяваць помнік у лесе на Магілёўскай шашы, аднак гэта рашэнне не было выканана.

На Кабыляцкай гары яшчэ ў 1990-я гады Аршанскі гарвыканкам усталяваў абеліск — вялікі прыродны валун, а ў 2018 годзе па просьбе нашчадкаў рэпрэсаваных з грамадскай ініцыятывы «Кабылякі. Расстраляныя ў Оршы» замацаваў на гэтым валуне шыльду з надпісам «Месца памяці і смутку» на чатырох мовах.

Яшчэ ў 1930—40-х гадах блізкія і сваякі ўсталёўвалі ў лесе на Магілёўскай шашы сімвалічныя крыжы і знакі ў памяць аб расстраляных тут савецкіх грамадзянах, але камуністычныя ўлады ўвесь час іх знішчалі. Восенню 2018 года мясцовыя актывісты паставілі тут драўляны крыж з надпісам «Ахвярам сталінскага тэрору. Расстраляным тут у 1930-я гг.». Але гэтай зімой вандалы яго зламалі.

Грамадская кампанія «Забітыя, але не забытыя» стартавала ў студзені гэтага года. Яе задачы — складанне мапы месцаў пахаванняў ахвяраў сталінскага тэрору, а таксама збор звестак пра саміх ахвяраў.

kobylaki.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Грамадства: галоўнае

Больш цікавага на «Новым Часе»: