У Оршы знайшлі чалавечыя косткі, але інфармацыю пра экспертызу не паведамляюць

Меркавана гэта могуць быць парэшткі расстраляных тут у час савецкіх рэпрэсій людзей.
Днямі завяршыўся збор подпісаў пад петыцыяй аб ушанаванні аднаго з месцаў расстрэлаў у лесе на Магілёўскай шашы пад Оршай.

У жніўні мінулага года ў тым раёне знайшлі чалавечыя косткі. Як паведамляла УУС Віцебскага аблвыканкама, па факце выяўлення касцяных парэшткаў у Оршы праводзілася праверка. Першае паведамленне аб выяўленні парэшткаў на вуліцы Флёрава, дзе вяліся рамонтныя работы цеплатрасы, паступіла ў Аршанскае РУУС яшчэ 21 ліпеня. На месца прыехала следча-аператыўная група. Быў зроблены агляд, канфіскаваныя фрагменты касцяных парэшткаў, прызначаная медыка-крыміналістычная экспертыза, якая павінна была вызначыць меркаваную даўнасць пахавання. Аналагічныя выклікі паступалі яшчэ некалькі разоў.

Аршанскі краязнаўца Юрка Копцік мяркуе, што ў гэтым раёне маглі быць пахаванні манахаў размешчанага непадалёк Куцеінскага манастыра або савецкіх воінаў, якія загінулі ў 1941 годзе. Аднак не выключана, што гэта маглі быць і парэшткі савецкіх грамадзян, якіх расстрэльваў НКУС у 1930-я гады. Адна з «дарог смерці» тады праходзіла па размешчанай побач Магілёўскай шашы, а самі расстрэлы адбываліся каля вёскі Паддубцы (цяпер Панізоўе). Аб масавых расстрэлах у гэтым лесе таксама гаворыцца і ў кнізе «Памяць» Оршы і Аршанскага раёна.

У сакавіку каардынатар грамадскай кампаніі «Забітыя, але не забытыя» і нашчадак расстраляных у Оршы Ігар Станкевіч звярнуўся ў Аршанскі міжраённы аддзел Следчага камітэта (МАСК), каб даведацца пра вынікі праведзенай экспертызы. У адказе, які атрымаў актывіст, гаворыцца, што 21 жніўня Аршанскі МАСК адмовіўся распачынаць крымінальную справу па факце выяўленых парэшткаў. Таксама Ігару Станкевічу адмовіліся прадаставіць інфармацыю аб колькасці чалавек, чые парэшткі былі знойдзеныя, і аб іншых выніках экспертызы, паколькі ён не ўваходзіць у кола асоб, якія маюць права знаёміцца з гэтымі матэрыяламі.

Актывісты грамадскай кампаніі «Забітыя, але не забытыя», адна з задач якой фарміраванне базы дадзеных месцаў пахаванняў ахвяр сталінскага тэрору, у сваёй петыцыі просяць, каб улады ўсталявалі знак у памяць аб расстраляных у лесе на Магілёўскай шашы людзях. У выпадку адсутнасці ў Аршанскага райвыканкама неабходных сродкаў аўтары звароту просяць вызначыць месца і дазволіць нашчадкам расстраляных ўсталяваць такі знак за ўласныя сродкі.

Пад петыцыяй, адпраўленай у Аршанскі райвыканкам, падпісалася больша за 200 чалавек.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: