У пачатку снежня з ААТ «Гродна Азот» з’ехалі штрэйкбрэхеры

Прадстаўнікі іншых прадпрыемстваў канцэрна „Белнафтахім» знаходзіліся ў Гародні з пачатку лістапада, яны замянялі мясцовых работнікаў, якія пайшлі ў страйк.


Дзяржаўныя СМІ паведамлялі, што спачатку для забеспячэння бесперапыннага хімічнага працэсу на "Гродна Азот” былі накіраваныя 40 работнікаў наваполацкага "Нафтана”, Гомельскага хімічнага завода і прадпрыемства "Магілёўхімвалакно”. Як паведаміў БелаПАН лідар страйкама "Гродна Азоту” Юрый Рававой, 5 снежня штрэйкбрэхераў на прадпрыемстве ўжо не было.

"Яны там і зусім не былі патрэбныя, — заўважыў ён. — Штрэйкбрэхераў узялі, каб запалохаць людзей, што ім знойдуць замену, і каб адрапартаваць наверх аб прынятых мерах. А тут сітуацыя „супакоілася”, і яны вярнуліся дадому”.

Паводле слоў Рававога, штрэйкбрэхераў не дапускалі да сур’ёзных работ — яны прысутнічалі на заводзе хутчэй для выгляду. Да страйку адкрыта далучылася 34 работнікі "Гродна Азоту”, некаторыя пайшлі з прадпрыемства паводле ўласнага жадання або іх звольнілі за прагулы (без адкрытага сыходу ў страйк). Сярод тых, каго пазбавілася прадпрыемства, — начальнік змены з вялікім вопытам працы, намеснік начальніка цэха па эксплуатацыі тэхналагічнага абсталявання, чатыры аператара дыстанцыйнага пульта кіравання, адзін апаратчык водападрыхтоўкі, апаратчык склада вадкага аміяку (цэх „Аміяк-3”), апаратчык вырабу карбаміду, начальнік змены (цэх "Карбамід-4”), электрагазазваршчык з вялікім вопытам працы і іншыя спрактыкаваныя работнікі. Паводле слоў лідара страйкама "Гродна Азоту”, па-ранейшаму застаецца вялікі недахоп тэхналагічнага персаналу, асабліва ў цэхах "Карбамід-2”, "Карбамід-4” і "Аміяк-3”. Кіраўніцтва завода працягвае шукаць былых работнікаў прадпрыемства, якія пагадзіліся б выйсці на працу. 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: