У пад'ездзе свайго дома збіты знакаміты графіціст Алег Ларычаў

"Дзіця-гігант", "Чалавек без твару" і "Дзяўчына ў вышыванцы" — гэтыя і многія іншыя графіці з'явіліся ў Мінску, надаючы яму сучасны і стыльны выгляд, дзякуючы Алегу Ларычаву.

 

Алег Ларычаў — сябра мастацкага праекту Signal і арганізатар фестывалю манументальнага стрыт-арту Urban Myths. Яго партрэт быў на адным з білбордаў серыі «Я Мінск» (вядомай па першых словах «Гэта я...»).

Ён прапагандаваў сацыяльнае мастацтва, таму не выключана, што ўлады звязвалі з ім серыю нядаўніх работ, прысвечаных чыноўнікам і сілавікам.

У пад'ездзе свайго дома невядомымі збіты Алег Ларычаў, чыё імя звязана з многімі графіці ў Мінску

Як распавёў Алег, калі ён падышоў да пад'езда свайго дома, дык убачыў каля дамафона дваіх мужчын, якія націскалі на кнопкі, але не маглі трапіць унутр. Ён папрасіў прапусціць яго, набраў нумар сваёй кватэры, яму адкрылі. Тут жа Алега збілі з ног і сталі біць па галаве. Ён страціў прытомнасць, паведамляе "Беларускі Партызан".

Пасля таго, як Алег ачуняў, вакол нікога не было. Ні грошай, ні тэлефона ў яго не забралі. У яго была рассечана губа, раскрышаны зуб, пад вокам сіняк. Балела галава, ён губляў прытомнасць.

Алег Ларычаў расказаў “Радыё Свабода” падрабязнасці нападу на яго:

— Выходзіў у краму па прадукты. Калі вяртаўся, каля пад’езду стаялі нейкія немясцовыя. Пусцілі мяне да дамафону. Я набраў нумар кватэры, мне адчынілі дзьверы. Адзін зайшоў у пад’езд, абагнаў мяне. Потым напалі ззаду, выбілі тэлефон з рук, зьбілі пад ногі, я ўпаў. А потым удвох яны білі мяне па галаве. Калі я ачнуўся, я не бачыў як яны сышлі. Тэлефон і сумка былі на месцы. Падняўся. Мне выклікалі хуткую, а хуткая — міліцыю.

— Вы адмовіліся ад шпіталізацыі...

— Доктар сказаў, што бачных пераломаў няма. Кажа, што нічога гарантаваць не можа, трэба цягам трох дзён глядзець. Ён прапанаваў шпіталізацыю. Але я падумаў, што калі стане горш, то я сам пад’еду.

— Якія могуць быць матывы нападу?

— Матывы? Напэўна, што мы зараз актыўна асвятлялі акцыі з постэрамі, выявамі чыноўнікаў. І цяпер у нас быў абвешчаны збор сродкаў на валанцёраў на акцыі з постэрамі, размяшчэнне выяваў чыноўнікаў, дэпутатаў і іншых дзяржаўных дзеячаў з подпісамі.




Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: