У падтрымку мастака Алеся Пушкіна распачаўся флэшмоб

Жыхарка Віцебску, драматург Вольга Прусак ініцыявала флэшмоб у падтрымку мастака Алеся Пушкіна, якога ўчора аштрафавалі за правядзенне несанкцыянаванай акцыі і непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі.
Нагадаем, 6 чэрвеня мастак правёў перформанс у абарону беларускай мовы і супраць расійскай агрэсіі на прыступках крамы «Еўраопт» у райцэнтры Крупкі. Нагодай для мастацкай акцыі стаў інцыдэнт з супрацоўнікам крамы: той абражаў беларускую мову і груба размаўляў з пакупніком.

На думку Вольгі Прусак, перформанс Пушкіна – гэта рэакцыя на інцыдэнт, пасля якога «Еўраопт» мусіў выбачыцца перад пакупніком:

Калі пішуць скаргу, то мусіць быць адказ ад арганізацыі, так? Вось скаргай Алеся Пушкіна і быў яго мастацкі акт! Вы павінны прынесці прабачэнні чалавеку культурнаму, чыя творчасць, чые ідэі застануцца для нашчадкаў. А гэты менеджар, што пакрыўдзіў – ён не будзе для нашчадкаў! Гэта трэба разумець! Не было б і гэтай акцыі, каб проста напісалі прабачэнні чалавеку, які проста нацыянальны здабытак ёсць!

Флэшмоб, які распачала Вольга Прусак, найперш адрасаваны «Еўраопту». На ганках віцебскай крамы яна сфатаграфавалася са свінячай галавой у какошніку.



Гэты вобраз, паводле яе меркавання, адлюстроўвае нявыхаванасць і, проста кажучы, свінскае стаўленне да ўсяго беларускага. Здымак выкладзены на яе старонцы ў Фэйсбуку разам з заклікам падтрымаць флэшмоб у сацыяльных сетках.

Фота ў падтрымку флэшмобу

Фота са старонкі Вольгі Прусак у Фэйсбуку

racyja.com

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!