У паліклініках Мінска з'явіліся экспрэс-тэсты на COVID-19

Экспрэс-тэсты на каранавірусную інфекцыю з'явіліся ў мінскіх паліклініках, піша Еўрарадыё са спасылкай на агенцтва "Мінск-Навіны".
Вынік тэста становіцца вядомы за 20 хвілінаў. Самі тэсты не дазваляюць выявіць COVID-19 на ранняй стадыі — толькі ў тых, у каго хвароба на познім этапе, а таксама тых, хто паспеў перахварэць.

Цяпер мінскія лекары робяць тэсты на антыцелы тым, хто паступіў на паўторнае абследаванне як кантакт першага ўзроўню. Такіх пацыентаў пакідаюць лячыцца дома пад наглядам медыкаў.

Нават пры адмоўным выніку тэста чалавека пакідаюць яшчэ на некалькі дзён у самаізаляцыі. Пры станоўчым выніку робяць ПЛР-даследаванне (полімэеразная ланцужковая рэакцыя — "звычайны" тэст на каранавірус). Яго вынік становіцца вядомы звычайна праз пару дзён.

Экспрэс-тэсты робяць бясплатна і толькі паводле медыцынскіх паказанняў. Платна і па жаданні людзей іх пакуль не робяць.

Паводле афіцыйных звестак, на 21 траўня ў Беларусі налічваецца 33 371 выпадак заражэння COVID-19, памерла 185 пацыентаў.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: