У палоне гісторый імперскіх

Які будзе адказ, калі запытацца: «Што такое патрыятызм?». Напэўна,  гонар за сваю радзіму, за сваю нацыю, свой народ. Гэты гонар складаецца з ведання і асэнсавання сваіх дасягненняў і перамог. Нездарма ўсе «нованароджаныя» нацыі і дзяржавы шукаюць сваю гераічную мінуўшчыну. Усе — але толькі не беларусы...


Мы чамусьці не схільныя ганарыцца тым, чым можна і варта было б ганарыцца.

Не дзіва, бо мы дагэтуль знаходзімся ў рэчышчы чужой гістарыяграфіі. Падыход да гісторыі, калі беларуская нацыянальная дзяржава ўзнікла толькі са з’яўленнем БССР, альбо нават БНР, стварае пастку для нашага патрыятызму і нашай ідэнтычнасці. Таму вырачаныя на правал усе спробы прыдумаць нейкую асаблівую «нацыянальную ідэалогію». Яе папросту немажліва вынайсці: савецкая сістэма была скіраваная не на вывучэнне адметнасцяў народаў, якія ўваходзілі ў СССР, а на тое, каб ператварыць гэтыя народы ў іншую нацыю — «савецкі народ». А «ў савецкіх — уласны гонар». І ён савецкі, а не беларускі, казахскі, татарскі ці літоўскі.

А дзе ж беларуская гісторыя?


Возьмем нядаўняе свята — 8 верасня. У гэты дзень у далёкім 1514 годзе войскі Вялікага Княства Літоўскага знана навалялі маскавітам. 30-тысячнае войска ВКЛ разбіла 80 тысяч жаўнераў войска рускага. Праўда, на нашым баку была цяжкая артылерыя, а рускія сваімі гарматамі так і не скарысталіся.

Манеўр галоўнакамандуючага Канстанціна Астрожскага, калі ён фальшывым адступленнем выцягнуў сілы праціўніка пад гарматны агонь, выкладаецца ў вайсковых вучэльнях у якасці асноваў тактыкі і стратэгіі. Між тым, ці кажуць пра гэтую бітву ў школе?

Так, дзень 8 верасня з’яўляецца Днём беларускай вайсковай славы. Але — нефармальна. Хаця, па ідэі, павінен бы на справе адзначацца як той самы «Дзень беларускай арміі, авіяцыі і флоту». Той, што мы па завядзёнцы адзначаем 23 лютага, і да чаго Беларусь проста не мае дачынення. Бо ў 1918 годзе, калі войскі Чырвонай арміі далі свой першы бой (які, дарэчы, прайгралі), па нашай тэрыторыі праходзіла лінія фронту Першай сусветнай ввайны. Што для нас тады 23 лютага? Нічога. Нуль.

Дык чаму б ні адзначаць Дзень арміі 8 верасня? Ну, калі не ўсёй арміі, дык Дзень артылерыі ўжо дакладна? Таму што, зноў-такі, не ўпісваецца гэты дзень у рэчышча гістарыяграфіі савецкай. Па-першае, ваявалі з рускімі, чаго не магло быць паміж «братнімі народамі». Па-другое, перамаглі «спрадвечнага саюзніка». І ўвогуле, гэта разборкі князёў, а не народаў, дый было тое даўно і няпраўда…

Так, ваявалі, і так, перамаглі… А тое, што гэта была не «народная вайна», наўпрост абвяргаецца колькасцю войскаў, якія ў баталіі ўдзельнічалі. 110 тысяч чалавек з абодвух бакоў — гэта, па тых часах, вельмі шмат. У бітве пад Палтавай праз два стагоддзі, якой рускія так ганарацца, удзельнічала прыкладна тая ж сіла: да 80 тысяч войска з рускага боку і 40 тысяч шведаў. Руская армія пераўзыходзіла праціўніка ўдвая, і тым не менш, Палтаўская бітва — падзея, гонар нацыі (зразумела, расійскай). А Аршанская бітва — «прахадны эпізод»?

Наша гісторыя знаходзілася (дый дагэтуль знаходзіцца) у палоне гісторый імперскіх — спачатку Расійскай імперыі, потым СССР. Чаму, напрыклад, мы ў школе вучылі пра Аляксандра Неўскага, які «в субботу, пятого апреля» 1242 года разбіў Тэўтонскі ордэн на Чудскім возеры, а пра Грунвальд у 1410-м — ні гу-гу? Між тым, менавіта Грунвальдская бітва паклала канец панаванню тэўтонаў, з якімі вышэйзгаданы Неўскі змагаўся, ды так і недазмагаўся…

Ды папросту таму, што нявыгадна чужой краіне згадваць пра дасягненні і перамогі паняволенага (Расійскай імперыяй) і падпарадкаванага (СССР) народа. Бо, глядзіш, сапраўды ўзгадаюць гонар, годнасць і гістарычную праўду. І наваляюць агрэсару.

А гістарычная праўда такая, што раззлаваныя беларусы могуць перамагчы каго заўгодна — не істотна, з Захаду ці з Усходу. І праўда ў тым, што ніякай спрадвечнай «памяркоўнасці» ў беларусаў не было. «Памяркоўнасць» і цярплівасць — гэта таксама прыдуманы міф, каб суцішыць нашу буйную натуру.

Любы народ ганарыўся б такой мінуўшчынай. А ў нас са школьнай праграмы прыбіраюць «Лісты з-пад шыбеніцы» Кастуся Каліноўскага. Знікае яшчэ адзін гераічны эпізод, што ўвогуле трэба расцэньваць як ідэалагічную дыверсію і падкоп пад адзін з падмуркаў беларускай дзяржаўнасці.

Мы не здолеем збудаваць патрыятычнае выхаванне і беларускую ідэалогію, пакуль не пачнём сапраўды ганарыцца нашай гісторыяй. А ганарыцца гісторыяй мы не зможам, пакуль будзем заставацца ў парадыгме чужой гістарыяграфіі і чужога погляду на нашу мінуўшчыну. Нам патрэбны свой гонар і свая гісторыя — каб не ператварыцца ў «беларускі Данбас».



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: