У пасёлку Трактарнага завода знясуць 62 двухпавярховікі

Пытанне зносу двухпавярховых дамоў (іх 62) у квартале вуліц Філімонава — Сталетава — Авангарднай вырашана станоўча, і ў перспектыве тут будзе пабудавана каля 130 тысяч кв. м жылля. Акрамя таго, запланаваны і знос такой жа колькасці дамоў у Трактаразаводскім пасёлку, на іх месцы прадугледжана будаўніцтва да 170 тысяч кв. м жылля.
svaboda.org

svaboda.org

Па словах кіраўніка адміністрацыі Партызанскага раёна Дзяніса Аўсянікава, двухпавярховыя дамы, у якіх зношаныя камунікацыі, з кожным днём усё цяжэй і даражэй абслугоўваць. Гэтыя дамы прычыняюць нязручнасць не толькі ўладам з пункту гледжання фінансавага, але і, галоўнае, людзям: пры пастаянных рамонтных працах тыдзень без вады, цяпла — звыклая справа ...

Гаворачы аб будаўніцтве жылля, Дзяніс Аўсянікаў адзначыў, што пакуль у раёне яго будуюць трохі — у Сцяпянцы і Дражне, але планы на перспектыву сур'ёзныя. З 2020 года пачнецца ўзвядзенне мікрараёна Зялёны Бор — забудоўшчыкам выступіць УКБ Мінгарвыканкама. У цэлым там будзе каля мільёна квадратных метраў жылля. Працягнецца будаўніцтва на месцы ваеннага гарадка ў Сцяпянцы. Усе лясы вакол падлягаюць захаванню, хіба што дзе-нідзе ў невялікай колькасці дрэвы будуць закрануты пры зносе старых будынкаў.

Гарадскія ўлады неаднаразова агучвалі ў СМІ планы аб зносе забудовы жылога пасёлка Трактарнага завода (і некаторыя з дамоў ужо паспелі знесці). Неабыякавыя мінчане ў адказ разгарнулі кампанію па захаванні гэтых пасляваенных кварталаў. На думку абаронцаў Трактарагорада, пасёлак — унікальны помнік цэлай эпосе, узорны прыклад ідэальнага «горада ў горадзе». Хоць забудова пасёлка лічыцца тыпавой, многія дамкі тут маюць непаўторныя элементы дэкору, а сам пасёлак захоўвае атмасферу савецкага часу, якую так любяць замежныя турысты.

Паводле minsknews.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • Anatol Starkou
  • 2018-11-08 18:49:26
Трактарны, двухпавярховікі. Маё дзяцінства, школа і юнацтва. Вучыўся ў 11 школе.
  • Маша
  • 2018-11-09 14:26:27
Там казачна гуляць, ля Трактарнага, бо ціха і спакойна. Ты ўсё яшчэ ў Менску, а нібыта далёка за мітуслівым горадам...

Каментаваць