У Расіі выйшаў на волю член стачкама «Беларуськалія», якому пагражае экстрадыцыя ў Беларусь

Пра вызваленне салігорца Андрэя Прылуцкага паведаміў набліжаны да расійскіх праваабаронцаў тэлеграм-канал «Чай с ромашкой». Амаль паўгода беларус, у якога трое дзяцей, правёў пад вартай у Санкт-Пецярбургу.

«Гэта Андрэй Прылуцкі — наш падапечны, якога Расія хоча экстрадзіраваць у Беларусь па крымінальнай справе, звязанай з пратэстамі, распачатых у жніўні 2020 года — і сёння ён выйшаў на свабоду! — піша першакрыніца. —

Андрэй быў затрыманы 30 снежня і правёў у зняволенні ў СІЗА амаль 6 месяцаў. Увесь гэты час ён чакаў, калі Генеральная пракуратура РФ разгледзіць яго экстрадыцыйную справу. У чэрвені намеснік генеральнага пракурора пастанавіў выдаць Андрэя, але мы абскардзілі рашэнне, і цяпер чакаем суда. Але тым часам скончыўся гранічны тэрмін утрымання пад вартай, дапушчальны па такім абвінавачванні, і Андрэя прыйшлося адпусціць.

Увесь дзень нашы калегі дзяжурылі ля Колпінскага СІЗА, каб сустрэць і адразу забраць Андрэя. Мы асцерагаліся, што яго могуць падвергнуць схаванай экстрадыцыі, што не рэдкасць у нашы часы. На шчасце, аперацыя завяршылася паспяхова. Андрэй на волі (пакуль), дзе яго ўжо даўно чакаюць яго жонка і трое дзяцей.

Гэта яшчэ не канец, але мы бязмерна рады за Андрэя, таму пасылаем яму самыя цёплыя словы падтрымкі. Упэўнены, што мы яго адаб'ем, і яму не будзе больш пагражаць небяспека, і ён зможа нарэшце па-нармальнаму ўз'яднацца з сям'ёй.

Каманда Маскоўскай Хельсінкскай групы і камітэта «Грамадзянскае садзейнічанне», сумесна з незалежнымі адвакатамі, працягвае працу. У Расіі па палітычных матывах яшчэ працягвае ўтрымлівацца пад вартай па меншай меры 6 грамадзян Беларусі».

Андрэй Прылуцкі быў затрыманы ў Расіі 30 снежня. У Беларусі яму інкрымінуюць артыкул 364 Крымінальнага кодэкса — «гвалт у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі». У выпадку экстрадыцыі ў Беларусь яму можа пагражаць да 6 гадоў пазбаўлення волі.

Увечары 9 жніўня Андрэй Прылуцкі знаходзіўся каля аднаго кафэ, калі ўбачыў, што група людзей у масках і без якіх-небудзь знакаў адрознення збівае дубінкамі пажылога мужчыну. Ён падбег да гэтай групы і засланіў сабой невядомага. Тыя, хто нападаў кінуліся на яго, павалілі на зямлю. Завязалася бойка, у выніку якой Прылуцкі трапіў у салігорскае СІЗА, дзе правёў тыдзень. Затым яго прысудзілі да 15 сутак адміністрацыйнага арышту і выпусцілі праз 7 дзён.

Раней Андрэй Прылуцкі працаваў электраслесарам участка ўздыму 1-га рудаўпраўлення «Беларуськалія». Пасля выбараў 9 жніўня ён далучыўся да стачачнага камітэту свайго прадпрыемства. Пасля свайго затрымання, адбыўшы 15 сутак, ён з'ехаў у Расію пад пагрозай крымінальнага пераследу.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: