У Рэчыцы хочуць пабудаваць мікрараён на месцы парка, што бароніць горад ад прамысловай зоны

З 26 траўня і па 19 чэрвеня абвешчана грамадскае абмеркаванне намераў уладаў Рэчыцы збудаваць новы мікрараён з 10-павярховых дамоў на скрыжаванні вуліц Моладзевай і Савецкай, паведамляе Палеская Вясна.
Мяркуецца, што на ўчастку, плошчаю 8,54 гектара, пабудуюць 10-павярховыя шматкватэрныя дамы, у двух з якіх будуць убудаваныя грамадскія памяшканні, асобная крама, шматузроўневая паркоўка на 500 машынамесцаў. Аб’екты сацкультбыту тут не праектуюцца, бо «неабходны ўзровень сацыяльна-гарантаванага абслугоўвання забяспечваецца існуючымі ўстановамі сацыяльнага забеспячэння і медычнага абслугоўвання, спартовымі збудаваннямі, прадпрыемствамі гандлю і грамадскага харчавання, дзіцячымі пазашкольнымі і культурнымі установамі, побытавага і камунальнага абслугоўвання, якія знаходзяцца ў межах пешаходнай і транспартнай дасяжнасці». 

Ад 26 траўня на чацвёртым паверсе Комплексу гандлю і паслуг (былы Дом быту), там, дзе месціцца аддзел архітэктуры і горадабудаўніцтва райвыканкама, павінна была пачацца экспазіцыя дэталёвага плану мікрараёна, які плануецца пабудаваць. Але, у пазначаным месцы 26 траўня аніякіх матэрыялаў, што б тычыліся такіх праектаў, карэспандэнт Палескай Вясны не пабачыў.

Журналісты паспрабавалі звярнуцца ў сам аддзел архітэктуры і горадабудаўніцтва Рэчыцкага райвыканкама. Там заспелі толькі аднаго супрацоўніка, які паведаміў, што нічога пра такія планы не чуў. А гэтым праектам, хутчэй за ўсё, займалася асабіста начальніца аддзела Лідзія Скакун, але яна ў цяперашні час на бальнічным.

Такім чынам, можна канстатаваць, што ўлада, размесціўшы ў мясцовым дзяржаўным СМІ інфармацыю пра пачатак экспазіцыі і грамадскага абмеркавання дэталёвага плана, але не размясціўшы экспазіцыю, фактычна падманула насельніцтва горада. Тым не менш, падобныя планы ўлады гараджанамі ўспрымаюцца вельмі неадназначна.

У паведамленні пра пачатак грамадскага абмеркавання не гаворыцца, які канкрэтна ўчастак маецца на ўвазе. Але ж найбольш імаверна гэта — парк, створаны каля былога сухотнага дыспансера. На скрыжаванні Моладзевай і Савецкай іншых вольных участкаў, плошчаю 8,54 гектара няма. На цяперашні час гэты парк — адзіная зялёная зона ў горадзе, здольная ў поўнай меры выконваць экалагічныя функцыі.

Яна абараняе жылыя мікрараёны заходняй часткі горада, ды і сам цэнтр ад шкоднага ўплыву прамысловай зоны і чыгункі. Парк Перамогі, размешчаны бліжэй да цэнтра горада, знявечаны. Некалькі гадоў таму там знішчылі амаль усе старыя дрэвы. З таго часу камунальная гаспадарка пры дапамозе шкаляроў спрабуе аднавіць зялёныя пасадкі ў парку, але гэта ў іх дужа кепска атрымліваецца. Высаджаныя кожныя вясну і восень сотні дзічкоў клёнаў і бяроз, якія лясгас ірве ў прыгарадным лесе каля рэчкі Ведрыч, амаль не пражываюцца і гінуць. Тыя ж, што выжываюць, стаяць кволыя і ніякай экалагічнай ролі не адыгрываюць.

Зялёная зона вакол былога сухотнага дыспансеру складаецца з даволі сталых дрэваў ясеня, ліпы, клёнаў, каштанаў, елак, таполяў. Дрэвы маюць развітыя кроны і здольныя затрымліваць пыл, розныя цвёрдыя часткі, дэпанаваць кісларод у гарадское паветра. Акрамя таго, гэтая зялёная зона з’яўляецца натуральным прытулкам для гарадской фауны. Ну і, вядома ж, месцам адпачынку гараджан.

6 чэрвеня а 10.00 гадзіне ў Гарадскім палацы культуры на вуліцы Савецкай, 84 у Рэчыцы абвешчаная прэзентацыя гэтага праекту. Пакуль жа жыхары горада могуць накіроўваць свае заўвагі і прапановы па праекце арганізатару грамадскага абмеркавання (Рэчыцкаму райвыканкаму) ў электронным выгладзе на e-mail rik@rechitsa.by альбо ў пісьмовым выглядзе на адрас 247500, пл. Кастрычніка, 6, г. Рэчыца. Заўвагі і прапановы, якія паступяць у выканкам, разгледзіць горадабудаўнічая рада пры аддзеле архітэктуры.

Цяпер ад актыўнасці гараджан залежыць, ці застанецца ў горадзе адзіная больш-менш вартая зялёная зона, ці на яе месцы паўстануць тыпавыя шматпавярховікі. 

Паводле palesse.press

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: