У рэйтынгу росквіту Беларусь ніжэй Ганы і Балівіі

Брытанскі інстытут Legatum апублікаваў штогадовы рэйтынг індэкса росквіту краін свету. У мінулым годзе Беларусь займала ў ім 95 месца з 149, у гэтым паднялася да 89-е і апынулася побач з Арменіяй і Непалам.


The Legatum Prosperity Index вылічваецца з дзевяці паказчыкаў і ўлічвае статыстыку ААН, Сусветнага банка, Сусветнай гандлёвай арганізацыі і гэтак далей. Паказчыкі адлюстроўваюць, як ідуць справы ў розных сферах жыцця грамадства: эканоміка, бізнес, кіраванне (дзяржорганы), адукацыя, ахова здароўя, бяспека, асабістыя свабоды (у тым ліку стаўленне да меншасцяў, талерантнасць), сацыяльны капітал (у яго ўваходзяць, напрыклад, сацыяльныя нормы і падтрымка грамадства, адзінства) і экалогія.

Лепшымі ў гэтым індэксе апынуліся, як заўсёды, краіны Скандынавіі — Нарвегія, Фінляндыя, — а таксама іх вечны «сусед» па дабрабыце, Новая Зеландыя. Далей у спісе ідуць Швейцарыя, Данія, Швецыя, Вялікабрытанія. Горшыя краіны па індэксе росквіту — Афганістан, ЦАР, Емен, Чад, Судан, Конга.


У Беларусі складальнікі індэкса адзначылі эканоміку (40-е месца), адукацыю, бяспеку і экалогію. Але ўсё вельмі дрэнна з дзяржкіраваннем (131-е месца), асабістымі свабодамі (136) і сацыяльным капіталам (125).


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!