У рэйтынгу свабоды слова Беларусь засталася на ўзроўні мінулага года

Беларусь заняла 153-ці радок у індэксе свабоды слова, які складаецца міжнароднай арганізацыяй "Рэпарцёры без межаў". Усяго ў рэйтынгу разглядалася 180 краін.
У мінулым годзе ў дадзеным індэксе свабоды слова Беларусь таксама была на 153-м радку. Для параўнання суседняя Латвія апынулася ў спісе на 22-м месцы, Літва — на 28, Польшча — на 62, Украіна — на 96, а Расія — на 149.

Першымі ў рэйтынгу сталі Нарвегія, Фінляндыя і Данія. Германія заняла 11 месца, Францыя апынулася на 32-м месцы, Вялікабрытанія — на 34 месцы. ЗША занялі 45 пазіцыю.

У справаздачы, прысвечанай Беларусі, адзначаецца, што "дзяржава ажыццяўляе поўны кантроль над усімі тэлеканаламі. Існуе некалькі незалежных СМІ, але многія вымушаны грунтавацца за мяжой, і ўлады працягваюць пераследваць іх, асабліва Польскае тэлебачанне "Белсат", хоць і менш, чым раней" .

У справаздачы таксама гаворыцца, што незалежныя СМІ ў Беларусі "працягваюць барацьбу за выжыванне, паколькі яны пазбаўленыя як дзяржаўных субсідый, так і рэкламы".

У цэлым складальнікі рэйтынгу выказалі меркаванне, што каронавірус абвастрыў праблемы, якія і да гэтага стаялі перад незалежнай журналістыкай. Напрыклад, у Кітаі, па інфармацыі "Рэпарцёраў без межаў", улады спрабавалі ўжываць жорсткую цэнзуру ў перыяд распаўсюджвання даных аб пандэміі. А ў Еўропе, канкрэтна ў Венгрыі, улады паведамілі аб прыняцці закона, які прдуглежвае заключэнне ў турму да пяці гадоў у выпадку несапраўднага асвятлення сітуацыі па каронавірусе. Складальнікі рэйтынгу лічаць такое пакаранне празмерным.

Віктар Бяляеў, Thinktanks.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: