«У РУУС сядзіць амапавец і рохкае па-парсючынаму». Зміцер Дашкевіч пра тое, чаму рэжыму засталося нядоўга

Грамадскі актывіст, у мінулым лідар «Маладога фронту» Зміцер Дашкевіч адбыў 20 сутак арышту за вахту памяці ў Курапатах.  

Ад моманту прэзідэнцкіх выбараў — гэта ўжо трэці адміністрацыйны арышт Змітра, агулам ён адсядзеў за гэты час 50 сутак. Сваімі ўражаннямі ад зняволення, а таксама аб бягучай палітычнай сітуацыі Дашкевіч падзяліўся з «Нашай Нівай».

«Сядзелася вельмі весела. Мабыць, найбольш весела за ўсе суткі, якія я памятаю. Хоць самі яны прыдумалі закон, паводле якога асуджаным па адміністрацыйных артыкулах трэба даць матрац, коўдру, падушку, дазволіць кнігі, лісты, перадачы, але і самі не выконваюць. Калі ў кастрычніку мяне закрывалі і я сядзеў у гэтай бетоннай катоўні, то тады сістэма катавала людзей выбарачна — хто больш вядомы, хто больш шкоды нарабіў. Гэта тычылася тады адзінак, цяпер — усіх.

Са мной сядзелі людзі з Новай Баравой, да іх прыходзілі дадому а 9, 10, 11 вечара. Чым не 1937-ы год? Як у гады вайны ствараліся гета па нацыянальнай прыкмеце, так цяпер улады стварылі гета па палітычным артыкуле 24.23. Прыязджаюць нейкія праверкі ў ізалятар, пытаюцца, колькі палітычных тут. Гэтых людзей пазбавілі матрацаў, ліставання, перадачаў.

Але і гэтага мала! Яны прыдумалі па два разы за ноч падымаць. Кладзешся спаць а 22-й, а ўжо праз гадзіну пад’ём, мусіш шыхтавацца, называць сваё імя. Кладзешся зноў спаць — а другой ночы пад’ём і тая самая працэдура. Дзіўна яшчэ, што а чацвёртай такой працэдуры не было.

На нарах забаронена нават сядзець. У Жодзіне, дзе трымаюць палітычных, нары жалезныя і падлога бетонная. Камеры перанаселеныя ў два-тры разы. Сядзець можна толькі на бетоннай падлозе. Атрымаеш ежу — капусту, залітую кіпнем — ясі яе як быдла на падлозе. У той жа час мы чуем, як у іншых камерах кажуць: «Скруціце матрацы». Калі нам траплялі людзі з камер не для палітычных, то яны казалі, што ў іх усё ёсць — бялізна, кнігі. Як толькі засяляюць палітычных, то адразу забіраюць.

2021 год. Геаграфічны цэнтр Еўропы. Вязням можна чытаць кнігі толькі 30 хвілін у суткі. Задумайцеся толькі! Ты не ведаеш час. Пытаешся аб 11-й пра кнігі: рана! Потым: позна, час ужо прайшоў! Калі вырвеш раз у тыдзень кнігу, то стане ў цэнтры камеры чалавек, пачытае ўсім. Кнігі ўвогуле забаронена перадаваць, калі раптам нейкая трапіць, то яны, як і лекі, проста валяюцца ля камер на падлозе.

Забаронена Біблія. Нават у гэтых правілах для гета напісана, што трыццаць хвілін можна чытаць, дык чаго вы забіраеце Біблію. Калі пачынаеш скардзіцца, то табе адказваюць: ідзі ў Міністэрства ўнутраных спраў на Гарадскі Вал. А што яны мне там скажуць? Яны ж самі гэтыя правілы прыдумалі. У пракуратуры — тыя самыя. У Царкву можна было б паскардзіцца, але ўладу маючая царква служыць [самі ведаеце каму].

Колькі я на зонах быў, этапаў пераездзіў, дык там да маньякаў, да самых страшных злачынцаў так не ставяцца, як у Жодзіне да палітычных. Кожны ранак расцяжкі, расцягваюць так, што ў людзей ногі баляць, кагосьці дубасяць, крыкі чуваць пастаянна. Проста неймаверна.

Не дай бог цяпер у Жодзіне будуць садзіць людзей, якія летам выйдуць кудысьці ў шортах і майках, ты ж там павінен легчы на жалезныя нары. І цябе ўначы будуць шыхтаваць, а ўдзень будзеш сядзець на бетоннай падлозе.

Спачатку сядзелі са мной толькі палітычныя, а потым сталі падсяляць па камерах нейкіх крымінальных паўаўтарытэтаў, каб ствараць канфліктныя сітуацыі. У прынцыпе, усе людзі адэкватныя і разумеюць усё. На Скарыны (там знаходзіцца ІЧУ Мінскага раёна — «НН») падкінулі былі валацугу, вельмі смярдзючы і вошы могуць быць. Падкідаюць такога ў камеру на чатыры чалавекі сямнаццатым. Робіцца ўсё мэтанакіравана.

І так хто б прасіўся ў турму, калі можаш атрымаць 15, 20, 30 сутак. Але гэтага мала! Трэба катаваць людзей усімі магчымымі сродкамі. Чым кіруюцца людзі, я не ведаю.

Я помню, што спачатку з Новай Баравой ехалі людзі за сцягі ў вокнах, потым — за сардэчкі ў вокнах, а апошні раз заязджалі за налепкі «Перамога» на паштовай скрыні. Сядзелі дырэктары фірмаў, кіраўнікі кампаній, айцішнікі. Заязджаеш у камеру «бандытаў», а там ніхто не курыць нават! І гэта галоўныя ворагі рэжыму.

Я сядзеў у значна больш змрочныя часы. У 2006 і 2010 нам пагражалі ад 25 гадоў да расстрэлу. Цяпер мы бачым відавочны світанак, сонца ўздымаецца. Гэта ўсё няпроста, складана, але вельмі лагічна. Яно не магло быць інакш, у мяне не было ілюзій, яно не магло атрымацца за дзень ці за тыдзень. Гэта шлях нацыі, якая нарадзілася наноў. Чвэрць стагоддзя — гэта не проста так, гэта не нейкая сістэмная памылка. Мала было проста папляскаць у ладкі, хаця і гэта было радасна рабіць у жніўні! Нельга зло перамагчы кветачкамі.

Цяпер мы плацім за гэты час, калі нехта маўчаў, хтосьці быў абыякавым і не хацеў думаць, галасаваў. Нават было б шкодна, калі б мы перамаглі 9 жніўня. Бо ўся сістэма, усе маньякі, якія катуюць людзей, яны б засталіся. А цяпер рэжым вар’яцее, і чым болей ён будзе вар’яцець, тым меней там будзе хаця б крыху адэкватных людзей. Гэта натуральны і патрэбны шлях, каб ачысціць Беларусь ад зла.

Чаго мне апускаць рукі? Я ведаю, для чаго я гэтага рабіў шмат гадоў, куды я рухаюся. Адзінае, што нам трэба цяпер рабіць, — клапаціцца адзін пра аднаго, вельмі шмат людзей у турмах, у патрэбе. Некаторых не прызналі палітычнымі, я сядзеў з доктарам Святаславам, які пашкодзіў чатыры «табакеркі», у яго засталася 80-гадовая матуля. Яго ніхто не прызнае палітвязням, але ж ён ішоў на тое, бо разумее, што не можа знайсці справядлівасці ні ў адным дзяржаўным інстытуце. Хто як можа спрабуюць адстаяць праўду. Чалавеку трэба дапамагчы, сабраць перадачу, не забываць пра матулю.

Трэба клапаціцца адзін пра аднаго і размаўляць па-беларуску — гэта тое, хто можа зрабіць кожны без рэпрэсій. Кажыце некалькі словаў штодня па-беларуску — гэта будзе ваш штодзённы пікет. А час працуе супраць рэжыму, яны самі сябе будуць нішчыць і разбураць. Захад рэжыму відавочны для кожнага разумнага чалавека, які разумее сутнасць рэжымаў, гэта відавочны факт, мы ўжо на фінішы.

У Бібліі ёсць цікавыя словы: «Будзем жаць, калі не саслабеем». Жніво прарастае незалежна ад нас, бо зло само сябе пажырае. Самае кепскае, што можа з намі адбывацца, гэта калі пачнецца жніво, то мы будзем саслабелыя гэтымі катаваннямі, суткамі, жалезнымі нарамі, бетонам, расчараваныя і знявераныя. Нам трэба пратрымацца маральна і духоўна, тады будзем жаць.

На жаль, па чалавечых мерках у іх хопіць рэсурсаў на любы тэрор. Мяне бяруць амапаўцы, б'юць у бусе, у райаддзеле я стаю ля сцяны, і са мной трое амапаўцаў. Кажуць мне: «Ну што, чапушыла? Ты ведаеш, хто такі чапушыла?» І ржуць. «Чапушыла — гэта ты». Усе размовы на нейкім гействе завязаныя, яны больш ні пра што не размаўляюць, і толькі на матах.

А трэці сядзіць і кажа: «Ну давай пахрукай». І пачынае рохкаць па-парсючынаму. Уявіце сабе, сядзіць чалавек і рохкае! І ржуць усе. Я аднаму кажу спакойна, без прэтэнзій: «Ты прыніжаеш людзей, табе ад гэтага прасцей становіцца?» — «Да, мне становіцца лягчэй!»

«Хадзіў на мітынгі?» — «Ну так, хадзіў». — «Білі цябе там?» — «Не, не білі». Мяне сапраўды не білі, была нейкая спецаперацыя па захопе. «Ты нам не трапіўся, мы б цябе, падлу, знішчалі». І ржуць, шчаслівыя. Скажы гэтым людзям забіваць, страляць — з радасцю, з падскокам, рохкаючы, што заўгодна будуць рабіць.

Канечне, нейкая частка будзе катаваць са шкадаваннем, а гэтыя — з задавальненнем. Але Бог кажа злачыннай сістэме «досыць», іх ужо нічога не ўратуе. І прыклад СССР у нас ва ўсіх перад вачыма. Які ўжо тэрор вы не выкарыстоўвайце — гэта ўжо ўсё».


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: