У СААЗ расказалі, калі скончыцца пандэмія COVID-19

Пандэмія каранавіруса скончыцца ў пачатку 2022 года, лічыць кіраўнік Еўрапейскага рэгіянальнага бюро Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ) Ханс Клюге.



«Найгоршы сцэнар у мінулым. Мы ведаем пра вірус больш у параўнанні з 2020 годам, калі ён толькі пачаў пашырацца», — сказаў Клюге.

На думку Клюге, вірус працягне сваё пашырэнне, аднак неабходнасці ва ўсіх абмежаваннях ўжо не будзе. Пры гэтым ён адзначыў, што гэта верагоднае развіццё падзей, але дакладны зыход вызначыць пакуль нельга, піша «Наша Ніва» са спасылкай на РБК.

Што тычыцца новых мутацый каранавіруса, гэта нармальны працэс, паколькі вірус спрабуе адаптавацца да чалавека, сказаў прадстаўнік арганізацыі. Паводле яго слоў, СААЗ ўважліва сочыць за эфектыўнасцю вакцын супраць COVID-19 з-за хуткага распаўсюду новых тыпаў віруса. Пры гэтым ён адзначыў, што вакцыны могуць быць змененыя для барацьбы з новымі мутацыямі, калі гэта неабходна, і іх не спатрэбіцца ствараць з нуля.

Прадстаўнік СААЗ у Расіі Меліта Вуйновіч 16 лютага заявіла, што аб заканчэнні пандэміі каранавіруса можна казаць у тым выпадку, калі нагрузка на сістэму аховы здароўя знізіцца да ўзроўню, які не замінае яе нармальнай працы. Паводле слоў Вуйновіч, пакуль калектыўнага імунітэту да COVID-19 у свеце яшчэ няма, таму, калі людзі не будуць выконваць меры засцярогі, магчымая рызыка трэцяй хвалі захворвання. Пры гэтым прадстаўніца арганізацыі адзначыла, што другая хваля каранавіруса цяпер зніжаецца па ўсім свеце і колькасць выпадкаў заражэння, паводле яе слоў, скарачаецца пяць тыдняў запар.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: