У Салігорску пабілі БАТЭ, у Рэчыцы прыбралі БЧБ-трэнера

Пасярод сонечнага траўня ў Беларусі ўсталяваліся добрае надвор’е і прыязная стабільнасць. Надвор’ю радуюцца звычайныя безадказныя беларусы — стабільнасць пільна кантралююць камуфляжныя патрулі ў мікрараёнах, каб барані бог дзесьці не прамільгнула што-небудзь абуральна бела-чырвонае.

Людзі на футболе

Беларускі футбол дзяржаўнаму канону пахвальна адпавядае. Кожныя выхадныя тут перамагае «Шахцёр» і паступова сыходзіць ад пелетону ў гордае адзіночнае плаванне. Гэта галоўная стабільнасць першынства краіны, якую заўважылі нават тыя, хто спортам цікавіцца выключна факультатыўна.

Такіх перамог у салігорцаў набралася ўжо восем, і статыстыкі аператыўна падбілі лічбы. Гісторыя сведчыць катэгарычна: пасля такога ўдалага старту вясенні лідар заўсёды ператвараўся ў восеньскага чэмпіёна. Са статыстыкай не надта паспрачаешся, таму дасылаем у калійны горад заўчасныя віншаванні.

Яны дарэчныя яшчэ і таму, што ў нядзелю «Шахцёр» нарэшце сышоўся з галоўным супернікам — барысаўскім БАТЭ — і даволі ўпэўнена пляснуў яго з «сухім» лікам. Салігорск — горад пратэставы, але не злы. Яшчэ ў мінулым жніўні тысячы гараджан на чале з суровымі шахцёрамі, абураныя афіцыйнымі вынікамі галасавання, прыпіралі да сценкі гендырэктара «Беларуськалія» Галаватага — і той меў бледны выгляд і не ведаў куды падзецца. А ў святочны вечар 9 траўня плюс-мінус тыя ж людзі лагодна прыйшлі на футбол шчыльнымі радамі, каб падтрымаць каманду, якой той жа Галаваты і кіруе.

Не, пратэставыя настроі нікуды не падзеліся, інакш мясцовыя ўлады не працягвалі б ганіць гарняцкі страйкам, а яго мужных лідараў перасталі б кідаць за краты. Інакш ключавы замежны контрагент калійнага камбіната — нарвежская «Yara» — дагэтуль не чухала б рэпу ў думках аб скасаванні супрацоўніцтва з беларусамі праз парушэнні правоў чалавека. Пратэставыя настроі сышлі ўглыб — і не толькі ў Салігорску — і наверсе гэта выдатна разумеюць, таму ўсё раскручваюць і раскручваюць махавік рэпрэсій.

Але ж людзі завіталі на галоўны матч першага круга. Не ў той, вядома, колькасці, як раней  (у «мірны час» на трыбунах яўна б сабраўся аншлаг), але праявілі цікавасць і нават сімпатыю да свайго клуба. Магчыма, таму, што ведаюць: нягледзячы на ўвесь свой канфармізм, ніхто з салігорскіх футбалістаў (у адрозненне ад некаторых барысаўчан) так і не падпісаў ліст праўладных спартсменаў. Хаця ціск на каманду, кажуць, быў, але тая яшчэ падчас міжсезоння поўным складам ясна дала зразумець, што пэцкацца ў гэтай гісторыі не будзе. Імаверна, гэтага хапіла некалькім тысячам салігорцаў, каб прымірыцца са сваімі гульцамі і прабавіць вечар 9 траўня на стадыёне «Будаўнік».

Ад Дарба дабра не шукаюць

Што да самой гульні з БАТЭ, то колькі-небудзь захапляльнай яна не атрымалася. Абедзве каманды больш дбалі пра вынік, дзеля якога ахвяравалі якасцю. Так бывае ў футболе наогул, а ў беларускім футболе — асабліва. Вялікія матчы рэдка дораць відовішча, перамога ў іх спісвае ўсё.

Перамогі магло не быць: зыходзячы з малюнка гульні, яе адэкватным коштам выглядала б нічыя 0:0. Аднак у «Шахцёра» сёлета ёсць адмысловы страйкер — Клінт Іствуд беларускага чэмпіянату, які страляе без промаху. Хлопца завуць Дэмба Дарба, яму 22 гады, і ён прыехаў у Беларусь з афрыканскай Гамбіі — транзітам праз чэмпіянат Македоніі. Паводле чутак, салігорскі клуб заплаціў за гэты трансфер астранамічныя грошы — 700 тысяч еўра — то-бок суму, якую наўрад ці мае на ўвесь сезон умоўная «Смаргонь» ці ўмоўны «Спадарожнік».

Зрэшты, пакуль выглядае, што агромністыя ўкладанні цемнаскуры нападаючы апраўдвае: у васьмі турах ён забіў ажно дзевяць галоў і зарабіў тры асістэнцкія балы. Калі так пойдзе і надалей, то ў «Шахцёры» легіянер не затрымаецца, а на перапродажы ў Расію ці Заходнюю Еўропу салігорцы змогуць добра зарабіць. І заадно — крыху палепшыць рэпутацыю, бо ранейшыя аптовыя закупы гульцоў-замежнікаў часцей за ўсё былі пустым марнаваннем грошай і ўзбуджалі сярод заўзятараў вядомыя падазрэнні.

Забіў Дарба і ў нядзелю — той самы адзіны мяч, які прынёс яго камандзе перамогу. Трапны стрэл з-за межаў штрафной пляцоўкі наўпрост у «дзявятку» стаў самым яскравым эпізодам матча, адказу на гэта БАТЭ так і не знайшоў.

Адстаўка, але не там

Тыдзень таму медыя анансавалі трэнерскую адстаўку ў «Нёмане», дзе пра намер сысці з пасады заявіў Ігар Кавалевіч. Слова, канешне, не верабей, але і не дакументальнае сведчанне — да справы яго не далучыш. Што, уласна, і выявіла гродзенская сітуацыя. Ну, сказаў гродзенскі трэнер пра звальненне і сказаў — пасля размоў з кіраўніцтвам абстаноўка ўтаймавалася і чалавек працягвае працаваць. А тут якраз «нёманцы» і перамаглі нарэшце, нахілілі на выездзе маркотную «Смаргонь». То так, мусіць, таму і быць — надалей неяк сцерпіцца-злюбіцца.

Але ж без сыходу галоўнага трэнера ў вышэйшай лізе не абышлося. Прычым сюжэт склаўся надта незвычайны, нібыта ў духу сённяшняга часу. Бо быў у «Спадарожніка» трэнер Вячаслаў Ляўчук — і раптам знік. І ніхто нічога не тлумачыць (прынамсі, на той момант, калі пісаўся гэты тэкст).
БЧБ-трэнер Вячаслаў Ляўчук: сышоў з арбіты «Спадарожніка» («Трыбуна»).

БЧБ-трэнер Вячаслаў Ляўчук: сышоў з арбіты «Спадарожніка» («Трыбуна»).


Зразумела, што рэчыцкі клуб гуляе кепска, боўтаючыся на апошнім месцы ў табліцы. Аднак тое цалкам прадказальна: мы яшчэ колькі тураў таму прагназавалі гаротную долю навічка вышэйшай лігі, бо рэсурсу на большае ў яго папросту няма. Зрэшты, нават калі ў кіраўніцтва саспела крытычная незадаволенасць настаўнікам, то што перашкаджае вырашыць пытанне цывілізавана? Звальняй аднаго трэнера, уладкоўвай іншага — звычайная справа ў сучасным жыцці.

Але толькі не ў жыцці «Спадарожніка». Аб адстаўцы Ляўчука клуб маўчыць, яго заўзятары не ведаюць, што думаць, а каманду тым часам ужо ва ўсю моц трэніруе іншы спецыяліст — расіянін Віктар Кумыкоў. І, вядома, таксама прайграе — гэтым разам брэсцкаму «Руху».

Чаму так, застаецца толькі здагадвацца, бо ніхто нічога не каментуе. Хутчэй за ўсё, працэс заканчэння супрацоўніцтва запушчаны, але кропка яшчэ не пастаўлена. Перад гэтым бакі заўсёды вырашаюць фінансавыя пытанні, то, можа, таму пакуль і набралі ў рот вады. Ну а тое, што ўсё атрымліваецца настолькі нязграбна, то беларускі футбол і не такімі цудамі здзіўляў.

На сыход Вячаслава Ляўчука варта хіба што згадаць тое, што ён — перакананы прыхільнік перамен. Мінулым летам 49-гадовы трэнер браў удзел у пратэстах — па месцы свайго жыхарства, у Гомелі. Прыхопліваў з сабой, што характэрна, бел-чырвона-белы сцяг, з якім фатаграфаваўся, нічога і нікога не баючыся. Выказваўся пра неабходнасць новых, сумленных, выбараў.

— Пайшоў на мітынг, каб зразумець: ці толькі я галасаваў за Святлану Ціханоўскую? — распавядаў Вячаслаў Ляўчук у інтэрв’ю парталу «Трыбуна». — І, ведаеце, яшчэ ніколі не бачыў такой колькасці людзей на вуліцах Гомеля. Я не вялікі арыфметык, але лічыць умею. На мой погляд, у нядзелю на вуліцах горада сабралася больш за 20 тысяч людзей. Людзі ішлі і па Савецкай, і па Пралетарскай, і па праспекце Леніна, многія стаялі ў парку. Усе выдатна самаарганізаваліся, ніхто не пераходзіў дарогу на чырвонае святло. Я ўбачыў на вуліцах шмат людзей рознага ўзросту з шарыкамі і нацыянальнымі сімваламі. Адчувалася атмасфера дабра і свята.
Хай маленькае і прыватнае, але сведчанне таго, што не такія ўжо яны і «хатаскрайнікі» — айчынныя футбалісты.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: