У Салігорску зніклі два арганізатары страйку на «Беларуськаліі». Адзін пазней знайшоўся (дапоўнена)

У страйкаме паведамілі пра знікненне Дзмітрыя Кудзялевіча і Максіма Філановіча з 4-га рудаўпраўлення. Яны перасталі выходзіць на сувязь.

Пра знікненне Дзмітрыя Кудзялевіча паведаміў афіцыйны тэлеграм-канал страйкаму «Беларуськалію». Там напісана, што Кудзялевіч перастаў выходзіць на сувязь у 11:17 у чацьвер, 20 жніўня, паведамляе www.svaboda.org.

Паводле інфармацыі іншых удзельнікаў страйкаму, Кудзялевіч мог быць затрыманы невядомымі асобамі, калі знаходзіўся ва ўласным аўтамабілі.

У момант, калі Дзмітрыя Кудзялевіча меркавана затрымалі, ён паспеў патэлефанаваць калегам. Шахцёры распавялі TUT.BY наступнае: «Мы з ім не паспелі пагаварыць. Была чутна толькі яго размова з нейкімі людзьмі. Ён пытаўся: "Хто вы такія, навошта вы мяне спынілі, чаму перагарадзілі дарогу і не даяце праехаць?" Прасіў выклікаць ДАІ, калі з машынай нешта не так. Пасля таго, як ён сказаў, што нікуды не збіраецца ехаць, тэлефон адключыўся. З тых часоў ён не выходзіць на сувязь».

Пазней у страйкаме паведамілі таксама пра знікненне Максіма Філановіча з 4 рудаўпраўлення. Ён перастаў выходзіць на сувязь. Але, паводле звестак на 13.50 20 жніўня, калегі змаглі з ім звязацца, паведамляе news.tut.by.

Пра пачатак страйку і стварэнне страйкамаў на «Беларуськаліі» стала вядома ў панядзелак, 17 жніўня. За першыя два дні, паводле агульнага страйкаму прадпрыемства, да забастоўкі далучыліся каля 4 тысяч супрацоўнікаў «Беларуськалію» (усяго на прадпрыемстве працуе каля 20 тысяч чалавек).

Сходы страйкоўцаў праходзяць на галоўнай плошчы Салігорску чацвёрты дзень запар. Сябры страйкамаў гавораць пра ціск на ўдзельнікаў забастоўкі з боку кіраўніцтва.

Раніцай 20 жніўня «Беларуськалій» аднавіў працу амаль у поўным аб’ёме.

 


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: