У Слоніме дадалі беларускамоўны надпіс на рускамоўнае графіці да Дня пісьменства

Рускамоўнае графіці да Дня пісьменства ў Слоніме перарабілі: да рускамоўнага надпісу дадалі беларускамоўны піша «Свабода».

Графіці ў Слоніме на рускай мове. Фота www.svaboda.org

8 жніўня, згодна з рашэннем Слонімскага райвыканкаму, каманда мастакоў унесла ў графіці карэктывы: надпіс па-руску пакінулі, але дадалі таксама па-беларуску.

«Мы пакінулі на дзвюх дзяржаўных мовах. Чытайце наш «Слонімскі веснік»,— сказала «Свабодзе» намесніца старшыні райвыканкаму Тарэса Юшкевіч.

Фатафакт з гэтых працаў, якія адбываліся ўначы, змясціла ў інстаграме «Газета Слонімская». Раней у Слонімскім райвыканкаме “Свабодзе” казалі, што «дзеля захавання нацыянальна-моўнай згоды ў грамадстве» пакінуць рускамоўнае графіці, але створаць адмысловае графіці да Дня беларускага пісьменства. На ім будзе выява Францыска Скарыны і надпіс на беларускай мове. Пра гэта казала карэспандэнту “Свабоды” начальніца аддзелу ідэалагічнай працы і па справах моладзі райвыканкаму Наталля Юнчыц. Які будзе надпіс, яна не паведаміла.

У чым канфлікт і чаму мы пра гэта пішам

Да Дня беларускага пісьменства ў цэнтры Слоніма намалявалі графіці — выяву тэатру Міхала Казіміра Агінскага. Надпіс на графіці зрабілі па-руску.

Аляксей Дужы ў траўні звярнуўся ў Слонімскі райвыканкам, каб надпіс перарабілі на беларускі. Яму паабяцалі, што выправяць рускамоўны надпіс на беларускамоўны да 1 чэрвеня.

Аднак гэта не было зроблена. Намесніца старшыні Слонімскага райвыканкаму Тэрэса Юшкевіч адказала Аляксею Дужаму, што надпіс вырашылі захаваць па-руску «дзеля захавання нацыянальнай-моўнай згоды ў грамадстве».

Гэта абурыла людзей яшчэ больш. У інтэрнэце з’явілася петыцыя з патрабаваннем выправіць надпіс. «Слонім моцна зрусіфікаваны горад, бальшыня шыльдаў у ім падпісаныя па-руску, знак на ўездзе ў горад рускамоўны, рускамоўныя нават надпісы на табло аўтобусаў. Па ўсім відаць, гэта сістэматычнае стаўленне ўладаў гораду па русіфікацыі асяроддзя, не спыняе нават Год малой радзімы і Дзень беларускага пісьменства», — пішуць аўтары петыцыі.

www.svaboda.org



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!