У Слуцк прыехаў паб-квіз: што з гэтага выйшла

Каб зацікавіць жыхароў Слуцка беларускай мовай і культурай, вядучая курсаў «Мова нанова» Аліна Нагорная запрасіла на трэці занятак Алеся Мазаніка з яго інтэлектуальнай гульнёй «Імбрыкі ды імбрычкі».

Меркавалася, што ўдзельнікі гульні адкажуць на пытанні па гісторыі і культуры Беларусі і адначасова атрымаюць новыя веды.

Удзельнікі гульні — маладыя людзі і людзі сярэдняга ўзросту. Былі і пенсіянеры, якія ўпершыню пачулі такую назву як «паб-квіз», і якая прывабіла менавіта самой замежнай назвай.


У пазначаны час 24 траўня зацікаўленыя аматары беларушчыны падзяліліся на тры каманды. Адзін з блокаў віктарыны быў прысвечаны 100-годдзю БНР. Хоць удзельнікі гульні і не рыхтаваліся адмыслова, аднак некаторыя здолелі паказаць і эрудыцыю, і логіку, і вынаходлівасць. Зразумела, што шмат пытанняў па культуры і логіцы засталіся без адказаў.


Вядучы ж сваю ролю добра ведаў і закідваў агаломшаных удзельнікаў гульні ўсё новымі пытаннямі. Пасля падвядзення вынікаў перамагла каманда «Сутарэннікі», астатнія каманды таксама не засталіся без прызоў.
Пасля гульні яе ўдзельнікі падзяліліся сваімі меркаваннямі:

— Паб-квіз цікавы і маладым, і больш сталым гульцам, — выказаў сваю думку Сяргей Кульбіцкі. — Але лічу, што шмат якія пытанні падыходзяць больш маладым гульцам ва ўзросце 20-30 гадоў, якія ў тэме.
Так, ніхто не змог адказаць на пытанне пра адрозненні ў розных варыянтах «Пагоні». Добра, што звычайныя людзі ўвогуле ведаюць пра герб «Пагоню».

Марына Дамарад лічыць, што занятак быў вельмі цікавым, але шмат якіх пытанняў яна наўпрост не зразумела.

— Я ніколі раней не ўдзельнічала ў камандных гульнях, для мяне тэмп гульні быў занадта хуткім. Людзям ва ўзросце трэба паразважаць, падумаць. Я б пайшла на такую гульню яшчэ раз, але добра было б папярэдне ведаць тэму гульні, каб крыху падрыхтавацца.

Пётр Марчанка прыйшоў на гульню пасля цяжкай працы на палетку з-за сваёй нацыянальнай свядомасці і ўнутранага абавязку прысутнічаць на ўроках «Мова нанова».

— Прыйшоў, каб даведацца, што гэта за звер гэты замежны «Паб-квіз» і атрымаць інфармацыю па культуры Беларусі ад самога вядучага і ад іньшых людзей, — дзеліцца ўражаннямі пенсіянер. — Інтэлектуальны гулец з мяне ніякі, але шмат новага даведаўся. Асабліва для мяне было цікавым пытанне пра сцяг з пчоламі, які выкарыстоўваўся падчас напалявонаўскіх войн.

Пётр Георгіевіч удзячны арганізатарам квіза і лічыць, што такія беларускамоўныя інтэлектуальныя гульні патрэбныя. Каб яны праходзілі на больш высокім узроўні, трэба шмат чытаць і мець добрую эрудыцыю.

Аліна Нагорная, арганізатар мерапрыемства, задаволена яго вынікамі:

— Я не ставіла задачу праверыць веды ўдзельнікаў гульні, — гаворыць яна. — Хацелася паказаць аматарам беларушчыны, што нашая гiсторыя вельмi цiкавая, разнастайная i вывучаць яе можна не толькi па кнiгах, а яшчэ i падчас гульнi. I увогуле каб случакi даведалiся, што такое паб-квiз. Спадзяюся, улетку мы арганiзуем квiз у адной з слуцкiх кавярняў.


Вядучы паб-квіза таксама задаволены тым, што адбылося:

— Усцешаны, што прыйшлі людзі. Усё не так кепска ў Слуцку. Зразумела, што ў розных людзей рознае ўспрыняцце, многія прывыклі да класічных акадэмічных заняткаў. У розных рэгіёнах свае складанасці. Што датычыцца адмысловых тэм — не хочуць людзі браць кнігі і адмыслова рыхтавацца. Можна штосьці прыбраць у заданнях, штосьці памяняць. Ёсць перспектывы на будучую працу, — пракаментаваў вынікі інтэлектуальнай гульні ў Слуцку Алесь Мазанік.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!