У Слуцку ўзгадалі рупліўцаў беларускай справы

Слуцкія сябры ТБМ і іх прыхільнікі правялі сустрэчу, прысвечаную 100-годдзю БНР.

13 прыхільнікаў беларускасці  ва ўтульнай “камернай” атмасферы абмеркавалі дасягненні БНР і прыйшлі да высновы, што без БНР не было б і цяперашняй Рэспублікі Беларусь. Зразумела, што гэта не ўласнае навуковае адкрыццё случчан, навуковыя высновы даўно ўжо зроблены беларускімі і замежнымі вядучымі гісторыкамі.

Асаблівую ўвагу ўдзельнікі “круглага стала” надалі культурна-асветніцкай працы ў Слуцку падчас БНР. Як вядома, слуцкае культурна-асветніцкае таварыства “Папараць-кветка” узнікла ў асяроддзі беларускіх гімназістаў яшчэ ў 1917 годзе. Утворанае па ініцыятыве Сяргея Бусла і Язэпа Ракуцькі, яно ставіла сваёй мэтай прапаганду беларускай мовы, культуры і мастацтва. Пазней да яго далучыліся вядомыя беларускія эсэры — случчане Андрэй Бараноўскі, Павел Жаўрыд, Васіль Русак і іншыя.


Вынікі дзейнасці маладых хлопцаў (ім было не больш за дваццаць гадоў!) уражваюць: летам 1920 года таварыства ўжо налічвала больш за 300 чалавек і мела 3 секцыі: краязнаўчую, літаратурную, драматычна-харавую. Канцэрты беларускай народнай песні, дэкламацыі вершаў беларускіх паэтаў, пастаноўка п’ес Ф. Аляхновіча, У. Галубка, К. Каганца, актыўны ўдзел у адкрыцці беларускіх школ і многае, многае другое. Дзейнасць таварыства  высока ацаніў Янка Купала, які пасля выхаду другога нумара часопіса “Наша каляіна” напісаў для газеты “Беларусь” у 1919 годзе адмысловы артыкул, прысвечаны слуцкім рупліўцам беларускай справы.

Выступоўцы распавядалі пра трагічны лёс Андрэя Бараноўскага, настаўніка Юркі Лістапада, які змог дамагчыся адкрыцця 8 беларускамоўных школ на Случчыне. Мікалая Шамяцілы — праваслаўнага святар Слуцкага Кафедральнага сабора, які агітаваў случчанам за Беларусь і неабходнасць яе незалежнасці. Ён ў 1933годзе быў абвінавачаны ва ўдзеле ў праваслаўнай паўстанцкай арганізацыі, у гэтым жа годзе і расстраляны.

Як вядома, усе актывісты “Папараць-кветкі” пасля ўвайшлі ў 1-ую Слуцкую брыгаду войскаў БНР у час Слуцкага паўстання. Пра гэта можна больш падрабязна пачытаць у часопісе “Спадчына” (1994.№6, 1998.№1). Успамін Юркі Лістапада пад назвай “Узбіліся на свой шлях” надрукаваны і ў кнізе Ніны Стужынскай “Слуцкі збройны чын” 1920 г. У дакументах і ўспамінах”.


На заканчэнне імпрэзы сябра ТБМ Сяргей Кульбіцкі выканаў некалькі блізкіх тэматычна песень, пад гітару.

   

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць