У Слуцку ўшанавалі герояў Збройнага Чыну (фота)

Днём 1 снежня ў Слуцку залуналі бел-чырвона-белыя сцягі ў гонар слуцкіх паўстанцаў. Сёлета адзначаецца 99-я гадавіна Слуцкага Збройнага Чыну.


Пасля наведвання мемарыяльных крыжоў у вёсках Грозаў, Семежава, мястэчку Вызна (Чырвоная Слабада) сябры КХП-БНФ ушанавалі памяць удзельнікаў збройнага чыну ў Слуцку каля краязнаўчага музея на вуліцы Леніна. Падчас гістарычнай падзеі гэта вуліца мела назву Шасэйная. Менавіта па ёй у канцы лістапада 1920 года воіны слуцкай брыгады рушылі ўбок вёскі Семежава. Падчас мітынгу з прамовамі выступілі кіраўнікі партыі, былыя дэпутаты Вярхоўнага Савета дапрэзідэнцкай эпохі.


У сваёй прамове намеснік старшыні партыі КХП-БНФ Юрась Беленькі нагадаў прысутным пра падзеі далёкага 1920 года. Параўнаў случакоў з удзельнікамі паўстання Кастуся Каліноўскага. І тыя, і другія ведалі, што могуць не вярнуцца, бо прыйдзецца аддаць жыццё.

— Паўстанцаў аб’ядноўвае перш за ўсё любоў да сваёй зямлі, Нездарма словы «Люблю Беларусь» былі паролем Каліноўскага і яго паплечнікаў. І гэтая ж любоў да сваёй зямлі штурхнула на змаганне случакоў з пераважнымі сіламі бальшавіцкай Чырвонай Арміі, каб адстаяць незалежнасць Слуцкай Народнай рэспублікі.

Юрась Беленькі

Юрась Беленькі

Па словах прамоўцы, нашы людзі ўжо тады цудоўна ведалі, якой бядой можна закончыцца акупацыя спадкаёмцамі «ардынскай дэспатыі». Сёння тая ж бяда зноў пагражае беларусам. Нелегітымная ўлада зараз фактычна гандлюе незалежнасцю, вядзе таемныя перамовы дзеля заключэння небяспечных антыдзяржаўных дамоў.

Нагадаў Юрась Беленькі і пра крымінальную адказнасць кіраўнікоў краіны, чыноўнікаў за здраду радзіме, якая не мае тэрміну даўнасці, пра права народа на абарону сваёй Айчыны.


Намеснік старшыні КХП–БНФ, дэпутат Вярхоўнага Савета пачатку 90-х гадоў Сяргей Папкоў у сваім выступе звярнуў увагу на імкненне Масквы пазбавіць беларусаў памяці і інтэлекту. Нягледзячы на такія захады «расійскага свету» беларусы ёсць і будуць жыць. Жыве і беларускі сцяг, які ў 1995 годзе парвалі на часткі прыбліжаныя кіраўніка краіны.

— Падзеі 22 лістапада 2019 года ў Вільні засведчылі, што свядомых беларусаў нямала, — выказаў упэўненасць прамоўца. — І гэтыя тысячы беларусаў з бел-чырвона-белымі сцягамі надаюць веры, што прыйдзе час, калі бацькі не будуць, як міласціну, выпрошваць у міністэрствах, каб ім далі магчымасць выхоўваць дзяцей на роднай мове.

Яшчэ адзін былы дэпутат Вярхоўнага савета Сяргей Антончык патлумачыў прычыны нялёгкага сучаснага жыцця беларусаў антыбеларускай накіраванасцю дзяржавы.

—Цяпер, быццам, ёсць беларуская незалежная дзяржава, — сказаў ён. — Але ж чаму нам так цяжка жыць? Чаму маленькія пенсіі, шмат беспрацоўных, сотні і тысячы беларусаў уцякаюць з краіны? Прычына ў тым, што сённяшняя ўлада будуе небеларускую краіну, і мы ніводнага года не жылі па-беларуску і згодна з беларускімі каштоўнасцямі, а ператварыліся ў напаўкаланіяльную краіну.

Сяргей Антончык

На думку былога дэпутата і змагара за незалежнасць краіны, справа не ў тым, што Беларусь не мае нафты ці газу. Мноства краін не мае ні таго, ні другога, але жывуць цывілізавана. Напрыканцы свайго выступу Сяргей Антончык раскрытыкаваў няўдалыя 25-гадовыя пошукі ўладаў асаблівай дзяржаўнай ідэалогіі.

— Змаганне случакоў — гэта нацыянальная гісторыя, а наша нацыянальная ідэалогія — жыць па-беларуску ў сапраўднай краіне і мець беларускую ўладу, — зрабіў выснову грамадскі дзеяч.

Удзел у мітынгу ўзялі каля 70 чалавек. Некаторыя жыхары Слуцка ўпершыню прысутнічалі на такім мерапрыемстве і асцярожнічалі, трымаючыся асобнымі групкамі наводдаль ад мітынгоўцаў.

Найбольш смелыя з іх нават зрабілі фотаздымкі на памяць, трымаючы бел-чырвона-белы сцяг у руках.


Урэшце, адна жанчына з такой групкі асмелілася прыблізіцца і пачала распытваць у мужчыны пра сутнасць падзей. Той аказаўся дасведчаным, коратка і даступна выклаў гісторыю слуцкага паўстання. Жанчына была ўражаная тым, што паўстанцы былі звычайнымі людзьмі, а не нейкімі бандытамі і ворагамі народа. Відавочна, што яна выхоўвалася на савецкай версіі гісторыі, якая была не зацікаўлена паказваць слуцкае паўстанне, як эпізод змагання беларусаў супраць савецкай Расіі за сваю свабоду і незалежнасць.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!