У «справе Ціханоўскага» заменяць суддзю

Тры месяцы Гомельскі абласны суд разглядае «справу Ціханоўскага». Працэс ідзе ў закрытым рэжыме ў СІЗА-3. 7 верасня Лукашэнка падпісаў указ аб прызначэнні суддзі Мікалая Бакунова (які разглядае справу) на пасаду старшыні суда Чыгуначнага раёна Гомеля, нагадвае «Радыё Свабода».
Стаяла пытанне: ці будзе Бакуноў разглядаць справу да прысуда, ці новы суддзя пачне разгляд справы з пачатку? «Была такая акалічнасць у заканадаўстве, што справу можа працягнуць іншы суддзя, які сядзеў на працэсе як назіральнік, «дублёрам». Вось мне Мікола напісаў: «Не хвалюйся, „дублёр“ быў адпачатку, прызначэнне на новую пасаду — як узнагарода», — сказала Свабодзе Марына Адамовіч, жонка палітыка Міколы Статкевіча.

Прозвішча новага суддзі пакуль не вядомае.

У лісце палітвязень узгадаў пра Дзень беларускай вайсковай славы, які ўпершыню адзначаўся пры ўдзеле Міколы Статкевіча 8 верасня 1992 года. «Ён мяркуе, што Дзень беларускай вайсковай словы варта зрабіць у будучыні і днём прысягі беларускіх афіцэраў — пасля сканчэння імі ўстаноў. А дзень беларускага войска лепш святкаваць 27 лістапада — у дзень Слуцкага збройнага чыну», — сказала жонка палітыка.

У лісце Статкевіч разважае па падзеі ў краіне. У прыватнасці, ён аналізуе сустрэчу Лукашэнкі з Пуціным 9 верасня.

«На мінулым тыдні быў, як я зразумеў, тэрміновы продаж „картаў“, ці ўжо „праграмаў“, у Маскве, пакуль тая яшчэ не ўцягнулася ў падзеі ў Цэнтральнай Азіі. Дорага прадаць не атрымалася — абяцанні крэдыту да канца наступнага году, абяцанні аб’яднаных, не „адзіных“ рынкаў газу і нафты, апошні — на завяршэнні расійскага падатковага манёўру, калі іхняя нафта будзе па сусветным кошце. Бяры, хоць заліся. Відавочна, што Масква проста чакае, пакуль спрацуе яе „падатковы манёўр“, заходнія санкцыі, каб рэжым саспеў да, як яны кажуць, паглыбленай інтэграцыі. Але цяпер усё гэта рыхтуецца з аглядкай на рэакцыю беларускага грамадства, бо летась тут гучна заявіў пра сябе новы палітычны субʼект — беларускі народ», — напісаў Мікола Статкевіч.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: