У справе салдата Коржыча будуць судзіць толькі сяржантаў

Генtральная пракуратура не прыслухалася да патрабаванняў маці загінулага салдата накіраваць справу на даследаванне. Суд можа пачацца ў жніўні, перадае Радыё Свабода.

У канцы чэрвеня Следчы камітэт накіраваў матэрыялы справы аб смерці салдата тэрміновай службы Аляксандра Коржыча ў Генеральную пракуратуру. Гэта адбылося праз дзевяць месяцаў пасля таго, як СК афіцыйна паведаміў пра суіцыд.


Колькасьць фігурантаў справы скарацілася да трох сяржантаў


«У ходзе правядзення агляду месца здарэння прыкметаў крымінальнага характару следствам не выяўлена, — расказвала журналістам афіцыйная прадстаўніца УСК Мінскай вобласці Тацьцяна Беланог 5 кастрычніка, праз два дні пасля выяўлення цела салдата. — Дадзеныя, атрыманыя ў выніку першапачатковых мерапрыемстваў, дазваляюць разглядаць у якасьці асноўнай версіі суіцыд. Для вызначэння прычыны смерці прызначана судова-медыцынская экспэртыза».

Пра суіцыд адразу ж заявілі і ў Міністэрстве абароны. Аднак ужо праз пяць дзён Следчы камітэт завёў крымінальную справу па факце «парушэння статутных правілаў паміж вайскоўцамі, якія сталі прычынай цяжкіх наступстваў». А потым пра гісторыю Коржыча даведаліся ў Адміністрацыі кіраўніка краіны, а маці загінулага салдата патэлефанавала прэс-сакратарка Лукашэнкі.
Артур Вірбал

Артур Вірбал


Затрымалі больш за дзесяць вайскоўцаў, сярод якіх два афіцэры і сяржанты. Першапачаткова ўсе яны абвінавачваліся ва злоўжыванні ўладай і перавышэнні службовых паўнамоцтваў. Пра тое, што ў справе аб смерці Аляксандра Коржыча ёсць фармулёўка «давядзенне да самагубства», стала вядома толькі ў красавіку. Але на той час сярод абвінавачаных паводле яе не засталося ні афіцэраў, ні прапаршчыка Артура Вірбала.

«Вірбал абвінавачваецца ў тым, што фактычна карыстаўся банкаўскай карткай Коржыча, — расказаў кіраўнік Галоўнага следчага ўпраўленьня СК Алег Шандаровіч. — Аднак гэтыя дзеянні не знаходзяцца ў сувязі са смерцю, расследаванне яго крымінальнай справы працягваецца. Тое ж самае і з Сукавенкам, ягоная справа вылучаная ў асобную вытворчасць».

Падчас расследавання смерці Аляксандра Коржыча колькасць фігурантаў справы фактычна скарацілася да трох сяржантаў. Яшчэ аднаго затрыманага афіцэра адпусцілі ўсяго праз некалькі дзён.
Аляксандар Коржыч (злева)

Аляксандар Коржыч (злева)



Жонка прапаршчыка: «Мой муж ні ў чым не вінаваты»


Жонка Паўла Сукавенкі, адзінага афіцэра, які быў фігурантам справы Коржыча (камандзіра роты, у якой служыў Коржыч), расказала Свабодзе, што пра тэрміны завяршэння расследавання яны з мужам не ведаюць.

«Справа мужа выведзеная ў асобнае справаводства, — гаворыць Маргарыта Сукавенка. — Пакуль па ёй ніякай інфармацыі няма. Наша справа пакуль стаіць на месцы. Я чакаю, калі нешта стане вядома. Пра справу аб смерці салдата (Аляксандра Коржыча. — РС) у мяне няма ніякай інфармацыі».

Паводле яе, апошні нейкі рух у справе Паўла Сукавенкі быў месяц таму. Цяпер ён чакае перадачы яе матэрыялаў у пракуратуру.

Жонка Артура Вірбала, які быў прапаршчыкам у частцы Коржыча і ў якога пасля смерці салдата знайшлі ягоную пластыкавую картку, прызнаецца, што перастала кантактаваць з мужам. Аднак па-ранейшаму лічыць яго невінаватым.

«У мяне не атрымалася з ім пабачыцца за гэты час. І мы ўвогуле больш не маем стасункаў, — гаворыць Настасся Вірбал. — Напачатку пасля затрымання мы перапісваліся, але потым перасталі. Прычына гэтаму асабістая, я не буду пра яе гаварыць. Гэта не звязана са справай Коржыча (паводле некаторых звестак, менавіта Артур Вірбал прыводзіў жанчын на тэрыторыю часткі, пра што Аляксандар Коржыч расказваў сваёй маці. — РС). На працэс мяне, відаць, паклічуць. Але размаўляць з ім (мужам Артурам Вірбалам. — РС) я пакуль не буду ніяк. З адвакаткай мужа я таксама больш не кантактую. Ведаю толькі, што віны сваёй муж не прызнае. Я таксама лічу, што ён невінаваты. Я жыла з ім і ведаю, як ён ставіўся да салдат. Такога, у чым яго абвінавачваюць, быць не магло. Магчыма, ён мог пазычыць грошы. Усе мы людзі, гэта жыццё. Розныя бываюць сітуацыі. Але каб забіраць іх, то такога быць не магло».

Дата суду над Артурам Вірбалам таксама пакуль невядомая. Верагодна, яго і Паўла Сукавенку будуць судзіць у Барысаўскім раённым судзе, дзе ўжо прайшло некалькі працэсаў у справах аб дзедаўшчыне ў Печах.

Святлана Коржыч

Святлана Коржыч



Маці Коржыча: «Хачу, каб пакаралі ўсіх»


Маці загінулага салдата Святлана Коржыч катэгарычна не згодная з тым, што судзіць за яго смерць будуць толькі некалькіх сяржантаў.

«Я хачу, каб пакаралі ўсіх вінаватых, а не толькі сяржантаў, — гаворыць Святлана Коржыч. — Каб кіраўніцтва часткі таксама адказала за смерць сына. Яны ўсе ведалі пра тое, што там адбываецца».

Не згодная Святлана Коржыч і з фармулёўкай «давядзенне да самагубства». Яна настойвае, што Аляксандра Коржыча забілі саслужыўцы. У якасьці доказаў паказвае пасмяротныя фатаздымкі цела сына, на якіх відаць шматлікія пашкоджанні, у тым ліку палосы на запясцях.

«Мне сказалі, што ўсё гэта пасмяротныя пашкоджанні, — кажа Святлана Коржыч. — Што яны з'явіліся на целе сына ўжо пасьля смерці. Так было напісана ў тэксце першай экспертызы, тое самае ў тэксце экспертызы, якую рабілі пасля эксгумацыі».

Родныя Аляксандра Коржыча сфатаграфавалі пашкоджанні на яго целе перад пахаваннем. Аднак гэтыя фатаздымкі ў матэрыялы справы не ўключаныя. Маці загінулага салдата па-ранейшаму спадзяецца на асабістую сустрэчу з Аляксандрам Лукашэнкам перад пачаткам суду. Яна лічыць, што кіраўнік краіны можа дапамагчы ёй дамагчыся новага расследавання.

Справу аб гібелі Аляксандра Коржыча будзе разглядаць Мінскі абласны суд. Дата пачатку працэсу пакуль невядомая.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: