У школе з польскай мовай навучання з'явяцца беларускія першыя класы

У сярэдняй школе № 36 Гродна з польскай мовай навучання набяруць беларускамоўныя першыя класы, піша Свабода са спасылкай на газету «Гродненская правда».
Большасць прадметаў для першакласнікаў гэтай школы будуць выкладаць па-беларуску. Польская мова застанецца для «паглыбленага вывучэння».

Такое новаўвядзенне ў школе зробяць «на тле непрыязных крокаў суседніх дзяржаваў».

«Захоўваючы вывучэнне мовы, літаратуры, гісторыі і культуры польскага народу, у далейшым мы будзем планамерна пераходзіць да вывучэння іншых прадметаў у сярэдняй школе № 36 на дзяржаўных мовах», — адзначылі ў Гродненскім гарвыканкаме.

Зменаў у навучанні для ўсіх іншых класаў не плануюць. Большасць прадметаў «польскай школы» у Горадні раней выкладалі па-польску.

Моўнае пытанне ў польскай школе падымалася раней. У красавіку 2017 бацькі змагаліся супраць русіфікацыі школы. У 2014 годзе мову навучання абмяркоўвалі праз меркаваныя змены ў Кодэксе аб адукацыі, у 2012 — калі ў школе першы раз прапанавалі ствараць рускамоўныя класы, паведамляе Hrodna.life.

Існуе польска-беларуская дамоўленасць, паводле якой гэтая школа, пабудаваная за польскія грошы, павінна выкарыстоўвацца толькі для навучання на польскай мове.

У Гродне дасюль няма ніводнай школы з вывучэннем прадметаў на беларускай мове, а беларускамоўных класаў адзінкі.

Усяго ў 2021 годзе ў Гродне плануюць адкрыць 209 першых клясаў.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: