«У такой сітуацыі адчуваеш сябе бяспраўнай істотай у клетцы…»

Былога гульца зборнай Беларусі па міні-футболе і трохразовага чэмпіёна краіны Сяргея Падалінскага затрымалі вечарам 9 жніўня каля мінскай гасцініцы «Юбілейная». Далей — паводле алгарытму: заламалі рукі, кінулі ў аўтазак, адвезлі на Акрэсціна. Тры гадзіны на каленях уздоўж плота, «выхаваўчыя» ўдары дручком, рэплікі накшталт: «Якія вам перамены? Наце вам перамен!»
Сяргей Падалінскі. Фота: асабістая старонка Вконтакте. «MБХ медыя»

Сяргей Падалінскі. Фота: асабістая старонка Вконтакте. «MБХ медыя»



„Затрымалі нас з жонкай у ноч з 9 на 10 жніўня. Мы вярталіся дадому, калі ўжо не было ніякіх беспарадкаў. З намі была пажылая жанчына на ровары. Мы падышлі да супрацоўнікаў АМАПу, каб спытаць, як бяспечна прайсці ў патрэбнае месца. Але па дарозе мы сустрэлі другую вялікую групу амапаўцаў, якая нас затрымала.

У аўтазаку мяне паклалі на падлогу і пачалі задаваць пытанні: «Цябе штосьці не задавальняе?» Я казаў, што мы выйшлі за сумленныя выбары. Але ў адказ мяне білі дубінкай. Потым пераключаліся на майго суседа.

Свой апошні сезон я адгуляў за каманду «Дынама», яна належыць да МУС. Таму адзін амапавец сказаў, што асабіста выведзе мяне з аўтобуса — каб не білі. Нас прывезлі на Акрэсціна. Я адзіны выходзіў з аўтазака з паднятай галавой — на гэтым прывілеі закончыліся.
Гэта не людзі, а жывёліны. Яны ўсіх людзей паставілі на калені ўздоўж агароджы. Мордай у зямлю ці агароджу. Пастаялі мы так гадзіны дзве. Потым пачалі штурхаць і затым зноў паставілі на калені. Тых, хто прасіўся ў туалет, білі і казалі: «Хадзі пад сябе».

Калі пачалі пераводзіць нас у камеру, прымусілі раздзецца да трусоў. «Ракам сталі!» — раўлі. Гэта было трэба для вобшуку. 21 чалавека запхнулі ў камеру. Было цесна, сядзелі і стаялі па чарзе.

На другія суткі нам прапанавалі падпісаць пратаколы, каб выйсці на свабоду. Мы пагадзіліся, але замест вызвалення да нас зноў заляцелі гэтыя сабакі, пабілі і адвялі нас у іншую камеру, дзе было 17 чалавек — і ўсяго нас стала 40. Мы былі, як шпроты. Форткі не адчынялі. На просьбу праветрыць камеру адчынілі дзверы і плюхнулі вядро вады на людзей. Потым прымусілі сваёй жа вопраткай выціраць падлогу.

Аднаго хлопца там прымусілі зняць сваю майку і выцерці сваю ж кроў з падлогі“.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: