У Траецкім прадмесці прайшоў з'езд аматараў электракараў

На паркоўцы каля Траецкага прадмесця ў Мінску гэтымі днямі адбылася незвычайная з’ява — з'езд аматараў электракараў. Ён быў прымеркаваны да Тыдня мабільнасці і Дня без аўто. Гэта ўжо трэцяя сустрэча, якую ладзіць кам'юніці спецыялізаванага форуму — e-cars.by.

На з'ездзе было прадстаўлена каля 10 аўто, якія з большага з'яўляліся гібрыдамі, а не чыстымі электракарамі. Сярод іх былі такія мадэлі, як Chevrolet Volt, Kia Soul, Nisan Leaf, Volkswagen E-Golf і іншыя.

Падчас мерапрыемства карэспандэнт Зялёнага партала пагутарыў з адным з прадстаўнікоў e-cars.by, які пажадаў застацца неназваным:

— Што такое e-cars.by?

— Гэта адно з першых кам’юніці аматараў электрамабіляў у Беларусі. Пачалося з таго, што мы загарэліся ідэяй электрычнага аўто і вырашылі развіваць гэты накірунак. Спачатку займаліся прывозам з ЗША звычайных машын, якім больш за 12 гадоў, а потым перанакіраваліся ў бок электрамабіляў. Ды і самі пачалі на іх ездзіць.

— Чаму вы пераселі на электракары?

— Нам самім стала цікава. Набылі сабе некалькі машын, і яны нам спадабаліся.

— У Беларусі вялікае кам’юніці аматараў электрамабіляў?

— На нашым форуме зарэгістраваны больш за сотню чалавек, то бок як мінімум сотня ўладальнікаў электракараў у Беларусі ёсць.

— Сёння вы прэзентуеце нейкую новую зарадную станцыю. А што за яна?

— Так, гэта наша камерцыйная зарадная станцыя для ўстаноўкі ў дварах, гандлёвых цэнтрах, на паркоўках і іншых падобных месцах.

— За які прыкладна час яна зарадзіць электрамабіль?

— Залежыць ад аўто, але ў сярэднім за 3-4 гадзіны.

— Як вы лічыце, ці перспектыўны на дадзены момант у нашай краіне накірунак электрамабіляў?

— У прынцыпе гэта перспектыўна ў любой краіне. А калі казаць пра Беларусь, то тут проста патрэбны штуршок. Напрыклад, нядаўна ўрад адмяніў дзяржаўныя пошліны на завоз электракараў для юрыдычных асоб. Таму нешта ўжо зараз павінна пайсці.

— Наколькі моцна перашкаджае пашырэнню колькасці электракараў адсутнасць патрэбнай інфраструктуры?

— Насамрэч, з аднаго боку, няма электразаправак з-за адсутнасці электрамабіляў, а іх няма, бо адсутнічаюць запраўкі. Таму патрэбны той, хто зробіць і першае, і другое.

— І хто гэта зробіць?

— Пакуль мы плануем гэтым заняцца. Наша кампанія збіраецца ўсталяваць каля 10 электразаправак па Мінску на ключавых напрамках на адлегласці каля 50 км адзін ад аднаго. А далей паглядзім, які будзе попыт у іншых кампаніях на ўсё гэта.

— Электразапраўкі плануюцца платныя ці бясплатныя?

— Пакуль плануем бясплатныя.

— Якія ў вас далейшыя планы?

— Збіраемся і далей займацца пашырэннем электракараў у Беларусі, прадаваць свае электрастанцыі і прыблізна на пачатку кастрычніка адчынім першы спецыялізаваны салон электрамабіляў. У нас будуць прадстаўлены больш за 20 мадэляў. Нават будзе магчымасць лізінга.

Пасля размовы ўсіх паклікалі паглядзець на аматарскую перапрацоўку бензінавай «Шкоды». Машына выглядае недапрацаванай, але праз некалькі хвілін паказала, як ездзіць на электраэнергіі. Уладальнікам аўто аказаўся малады чалавек Сяргей. Ён распавёў, што ўжо даўно марыць зрабіць добра працуючы электракар за 3000 даляраў.

Як сказаў Сяргей, яго машына пакуль можа праехаць толькі каля 7 кіламетраў, бо яшчэ няма нармальнага таннага акамулятара. Акамулятар пакуль стаіць ад радыёкіруемай мадэлі, а ўсе астатнія запчасткі ці савецкія, ці самаробныя.

На пытанне, у колькі абышлася ягоная «Шкода», вынаходнік сказаў, што з улікам самога аўтамабіля і ягонай рэстаўрацыі ён патраціў пакуль толькі 1500 даляраў.

На сходзе прысутнічалі каля 50 чалавек, але прахожыя таксама падыходзілі пацікавіцца. Наступным мерапрыемствам e-cars.by будзе адкрыццё першага ў Беларусі спецыялізаванага салона электрааўто.

Паводле greenbelarus.info

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: