У валанцёра дзіцячага хоспіса забралі машыну з-за налепак «Пагоні»

Супрацоўнікі ДАІ арыштавалі аўтамабіль мінскага прадпрымальніка, 37-гадовага Дзмітрыя Кухціна. Ён — кіраўнік праекту «Кіламетры дабра» (праект цяпер прыпынены праз недахоп фінансавання), а таксма валанцёр дзіцячага хоспісу, паведамляе Радыё Свабода.

Дзмітры Кухцін

 

Дзмітры Кухцін уваходзіў у ініцыятыўную групу Віктара Бабарыкі, збіраў подпісы за вылучэнне яго кандыдатам у прэзыдэнты, спрабаваў трапіць у склад выбарчай камісіі ў Заслаўі, але яго не ўключылі.

На аўтамабілі Дзмітрыя былі налепленыя бел-чырвона-белыя стужкі і герб «Пагоня».

«Гэта мая праява грамадзянскай пазыцыі, я патрабую сумленных выбараў. Я іх прымацаваў, бо мой голас скралі на выбарах. Я быў акрэдытаваным назіральнікам, але нас, незалежных назіральнікаў, выгналі на падліку галасоў. Я вырашыў заявіць пра сваю пазыцыю, таму ўпрыгожыў аўтамабіль бел-чырвона-белымі стужкамі. Гэта такая форма пратэсту».

Дзмітры кажа, што дагэтуль адзін раз аўтамабіль забіралі на штраф-стаянку і штрафавалі за налепкі.

Днямі яму патэлефанавалі супрацоўнікі міліцыі, папрасілі прыгнаць аўтамабіль для агляду, бо нібыта ў Заслаўі падчас дарожна-транспартнага здарэння збілі дзяўчынку, а аўтамабіль падобны на машыну Дзмітрыя.

«Я сказаў, што ў той дзень не быў у Заслаўі. Прычым гэта было цынічна, яны яўна глядзелі інфармацыю пра мяне, бо калі мне было 18 гадоў, я насамрэч збіў дзяўчынку зімой, яна выскачыла проста пад колы. Я тады ехаў павольна, і ў яе не было ніякіх пашкоджанняў, таму правоў мяне не пазбаўлялі. Дык гэта нават вельмі жорстка — прыдумляць такія рэчы».

Калі Дзмітры вяртаўся ўчора ўвечары з працы ў Заслаўе, супрацоўнікі ДАІ спынілі аўтамабіль за налепкі. Падчас разбору яму прынеслі прадпісанне на зняцце налепак, хаця ў дакуменце быў няправільна ўказаны нумар аўтамабіля. Дзмітры сказаў, што спачатку параіцца са сваім адвакатам.

«Потым прыехалі яшчэ два экіпажы ДАІ, каб праверыць він-код на кузаве, маўляў, з машынай нешта не тое і яе павязуць у РУУС. Аўто не завялося, і яны выклікалі эвакуатар, прывезлі ў Цэнтральны РУУС. Там капітан, які не прадставіўся, склаў пратакол, калі я спытаў — на які тэрмін забіраюць машыну, яны адказалі, што праверку могуць праводзіць да чатырох месяцаў. Я набываў аўто год таму, і тады ў ДАІ не было ніякіх пытанняў пра він-код».

Супрацоўнік міліцыі таксама спытаўся ў Дзмітрыя, калі ён прымацаваў налепкі і з якой прычыны. У яго запатрабавалі разблакаваць тэлефон. Цяпер Дзмітры з адвакатам будзе падаваць скаргу на супрацоўнікаў ДАІ.

«Аўтамабіль застаўся на паркоўцы з налепкамі. Там на тэрыторыі РУУС яшчэ адна машына з падобнымі налепкамі стаяла і яшчэ з разбітым шклом».

Пасля таго, як Дзмітры напісаў пра гэтую гісторыю ў сацсетках, людзі сабралі яму грошы на адваката і на штрафы.

«Гэтая салідарнасць вельмі прыемная і кранае да слёз».

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: