У Веткаўскім раёне пабудавалі вялікую птушкафабрыку, прынялі на працу людзей, але потым больш за палову звольнілі

На стадыі будаўніцтва птушкафабрыка ў Навасёлках Веткаўскага раёна планавалася як адна з найбуйнейшых у вобласці з магутнасцю вытворчасці мяса да 20 тысяч тон у год.
А для мясцовых жыхароў запуск прадпрыемства павінен быў вырашыць праблемы з занятасцю. Адразу пасля адкрыцця на працу былі прынятыя 270 супрацоўнікаў, што вельмі нямала для сельскай мясцовасці.

Аднак, як паведамляе «Голас Веткаўшчыны», усяго праз год працы стала зразумела, што птушкафабрыка адчувае, скажам так, праблемы з рэнтабельнасцю. У выніку, Савет Міністраў прыняў рашэнне перадаць усе будынкі прадпрыемства з абласной уласнасці ў рэспубліканскую.

«Птушачка» пырхнула з падведамнасці ААТ «Хальч» ва ўпраўленне рэспубліканскага даччынага сельскагаспадарчага унітарнага прадпрыемства «Беларуснафта-Асобіна».

РДСУП «Беларуснафта-Асобіна», што не сакрэт, мае вялікі вопыт і напрацоўкі ў справах курыных і ўзялося за антыкрызісны менеджмент энергічна. Перш за ўсё было абвешчана, што з 270 чалавек, якія працавалі на фабрыцы, працоўныя месцы захаваюць толькі 106. А потым сярод вяскоўцаў і зусім пабег слых, што работнікаў, якіх не хапае, будуць вазіць ажно з Буда-Кашалёўскага раёна, дзе знаходзіцца асноўная база «Беларуснафта - Асобіна».

Чуткі - чуткамі, але людзі цалкам рэальна засталіся без працы і нават абурыліся. 13 лістапада яны сабраліся каля праўлення ў Хальчы. Там высветлілася, што клопат аб працаўладкаванні звольненых цяпер ляжыць на мясцовых уладах і тыя гатовыя зрабіць усё, што могуць, а менавіта: прыкласці ўсе намаганні, каб знайсці працоўныя месцы для кожнага, аддаючы перавагу цяжарным жанчынам і людзям перадпенсійнага ўзросту; абнавіць спіс вакансій і прапанаваць некаторым працу ў вытворчых цэхах мясцовага ААТ «Хальч» — на адзін-два месяцы.

Увогуле, меры будуць прынятыя.

А што да злашчаснай птушкафабрыкі, то — так. Людзей такі з яе звольнілі, ва ўстаноўленым парадку, праз непрацягненне кантрактаў.


Паводле gomel.today

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: