У Віцебскай БХМД, дзе адбылося надзвычайнае здарэнне з кіслародам, — праверкі з Мінска і СК

У Віцебскую БХМД, дзе адбылося надзвычайнае здарэнне з падачай кіслароду хворым на ШВЛ — і пра яго распавёў загадчык аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі Уладзімір Мартаў, — зноў прыехала камісія з Минска. Акрамя таго, лекара і яго калег апытаў следчы.


Пра гэта TUT.BY паведаміў Уладзімір Мартаў.

— Камісія прыехала ў бальніцу 16 сакавіка і яшчэ знаходзіцца ў нас. Прадстаўнікі камісіі пакуль са мной не размаўлялі. У лекараў, якія дзяжурылі 7 і 8 студзеня, сабралі тлумачальныя, — распавёў Уладзімір Мартаў.

Загадчык аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі БХМД таксама паведаміў, што сітуацыяй з падачай кіслароду зацікавіўся Следчы камітэт:

— Пазаўчора, 15 сакавіка, мяне апытваў следчы — пра падрабязнасці надзвычайнага здарэння. Учора і сёння на гэтую тэму гутараць з маімі калегамі. СК правярае факты, якія я агучыў TUT.BY: ці было на самой справе надзвычайнае здарэнне.

Нагадаем, загадчык аддзялення рэанімацыі Віцебскай БХМД Уладзімір Мартаў распавёў аб надзвычайным здарэнні ў яго бальніцы. У пачатку студзеня ў бальніцы ў хірургічным корпусе тры разы адключалася падача кіслароду — на 15, 20 і 23 хвіліны. «Нехта памёр у тыя ж дні, нехта — на наступны дзень, нехта — праз 3-5 дзён». Мартаў не назваў дакладную колькасць памерлых, але сказаў, што гэта быў «не адзін і не два чалавекі». Медык паведаміў пра гэта міністру Піневічу, той даслаў у бальніцу камісію, вынік усяго гэтага: паводле слоў лекара, перабоі з кіслародам ёсць і дагэтуль, самому ж Мартаву з красавіка не працягваюць кантракт.

У пятніцу, 12 сакавіка, Лукашэнка пабываў у Маладзечанскай цэнтральнай раённай бальніцы і там спытаў у кіраўніка Міністэрства аховы здароўя Дзмітрыя Піневіча пра гэтае надзвычайнае здарэнне. «Былі невялікія перабоі», — так пракаментаваў сітуацыю Піневіч. Лукашэнка запатрабаваў: «Ну, калі там палітыка, то, значыць, трэба на месца ставіць чалавека». «Паставім», — паабяцаў Піневіч.

«Падача кіслароду не залежыць ад таго, загадчык аддзялення рэанімацыі апазіцыянер ці не», — адказаў на гэта Уладзімір Мартаў.

14 сакавіка сітуацыю з кіслародам пракаментаваў кіраўнік Міністэрства аховы здароўя Дзмітрый Піневіч. У інтэрв’ю СТВ ён ахарактарызаваў загадчык аддзялення рэанімацыі Віцебскай БХМД Уладзіміра Мартава як прафесіянала, але падкрэсліў, што, паводле яго звестак, перабоі ў падачы кіслароду ў бальніцы не былі прычынай гібелі пацыентаў.

— Інцыдэнт, наколькі я разумею, быў. Мы яшчэ будзем яго разглядаць больш падрабязна на ўзроўні лячэбна-кантрольнага савета Міністэрства аховы здароўя. Гэта было ў халодны перыяд часу, калі была нагрузка на кіслародную сістэму. Але, паводле сцверджанняў іншых спецыялістаў, гэта было кароткачасовае падзенне ўзроўню патоку кіслароду, якое не паўплывала фатальна на тое, што распавядаў наш шаноўны Уладзімір Юр’евіч, — адзначыў Піневіч.

Ён таксама распавёў, што ў БХМД Віцебска быў выяўлены цэлы шэраг парушэнняў, напрыклад факт парушэння санэпідэмрэжыму, што магло і, хутчэй за ўсё, прыводзіла да ўнутрыбальнічнага заражэння каронавірусам персаналу, у тым ліку ў «чырвонай зоне».

— Адзначалася, што, на жаль, Уладзімір Юр’евіч сваім дрэнным прыкладам паказвае невыкананне жорсткіх норм знаходжання спецыялістаў у «чырвонай зоне».

Піневіч адзначыў, што меры дысцыплінарнага ўздзеяння прынятыя да шэрагу спецыялістаў бальніцы хуткай дапамогі.

Уладзімір Мартаў 1 сакавіка атрымаў апавяшчэнне ад адміністрацыі БХМД, што з 3 красавіка з ім не працягваюць працоўны кантракт — «у сувязі са сканчэннем тэрміну яго дзеяння».



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: