У Віцебскім анкадыспансеры разбурыўся будынак, адкуль хворым ішоў кісларод

На тэрыторыі Віцебскага абласнога клінічнага анкалагічнага дыспансера абрынулася сцяна ў будынку станцыі, адкуль падаваўся кісларод у карпусы з хворымі.


«Гэта адбылося ў пятніцу, 26 сакавіка. Але мы аператыўна справіліся з сітуацыяй: хворых перавялі ў новы корпус, а кісларод пачалі падаваць з іншай станцыі ў нашай бальніцы», — паведаміла TUT.BY галоўная лекарка анкадыспансера Анжэла Томчына.

Будынак кіслароднай станцыі на тэрыторыі анкадыспансера часткова разбурыўся 26 сакавіка.

— Наша кіслародная станцыя не была разлічана на пандэмію, на такую колькасць балонаў, якая выкарыстоўваецца пры лячэнні каронавірусных хворых. Раней, пры звычайнай нагрузцы, мы штодня выкарыстоўвалі каля 25 балонаў, а цяпер за суткі сыходзіла каля 100. Вібрацыя на сцены будынка была вялікай, і адбылося разбурэнне адной з іх. Тым больш, гэтая пабудова ўжо старая, — тлумачыць Анжэла Томчына.

Галоўная лекарка кажа, што «сітуацыя не аварыйная».

— Як толькі па будынку пайшлі расколіны, мы хутка прынялі ўсе меры. Пацыентаў перавялі ў рэанімацыю другога хірургічнага корпуса, які ў нас адкрыўся месяц таму. Тут жа адключылі падачу кіслароду ў будынку, які разбурыўся, вынеслі адтуль усе балоны, перанеслі іх у іншую кіслародную станцыю — яна адносіцца да гэтага ж, новага хірургічнага корпуса. І там ідуць аперацыі, працуе рэанімацыя — усё ў штатным рэжыме, нічога страшнага не адбылося. Усе службы спрацавалі аператыўна: і кіслародчыкі, і анестэзіёлагі.

У разбураным будынку зробяць рамонт:

— Упраўленне аховы здароўя нам выдзеліла грошы на рамонт, і мы хутка ліквідуем праблему. Пры гэтым не проста зробім рамонт, а пастараемся мадэрнізаваць станцыю, каб яна вытрымлівала вялікую нагрузку.

Другі хірургічны корпус абласнога анкадыспансера адкрыўся пасля рэканструкцыі ў канцы лютага 2021 года.

Корпус пабудавалі ў 1979 годзе, а рэканструкцыю яго пачалі ў 2007-м. На гэты час хірургічныя анкалагічныя аддзяленні агульнай анкалогіі, пухлін галавы і шыі пераехалі ў радыёлагічны корпус №3, уралагічнае — у хірургічны корпус №5. За гады будоўлі ад старога будынка практычна нічога не засталося, многае замянілі, а таксама ўзвялі чацвёрты паверх. У будынку 150 ложкаў.

Нагадаем, гэта не першае надзвычайнае здарэнне ў Віцебску, звязанае з падачай кіслароду хворым. Раней пра абуральны факт распавёў звольнены загадчык аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі БХМД Віцебска Уладзімір Мартаў. Тады з-за адключэння сістэмы падачы кіслароду ў Віцебскай БХМД, паводле слоў лекара, памерлі некалькі пацыентаў.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: