У Віцебску адмовіліся пераймяноўваць бібліятэку імя Леніна

Складальнікі петыцыі за перайменаванне Віцебскай абласной бібліятэкі імя Леніна ў бібліятэку імя Васіля Быкава атрымалі адмоўны адказ з аблвыканкаму, піша Радыё Свабода.

Шыльда на абласной бібліятэцы

Няма агульнага погляду — і ўлады вырашылі ўхіліцца

У лісце з подпісам начальніка ўпраўлення культуры Віцебскага аблвыканкаму Пятра Падгурскага напісана, што чыноўнікі не будуць разглядаць гэтае пытанне «ў сувязі з адсутнасцю адзінага падыходу і палярнасцю поглядаў».

«Сярод жыхароў Віцебска і чытачоў бібліятэкі з іншых рэгіёнаў існуюць розныя погляды на магчымасць перайменавання. У прыватнасці, частка з іх выступае за захаванне цяперашняй назвы», — гаворыцца ў адказе.

На думку стваральніцы петыцыі Таццяны Севярынец, мясцовыя ўлады ўхіліліся ад вырашэння пытання.
Таццяна Севярынец

Таццяна Севярынец

«Што значыць „існуюць розныя погляды“? Ці погляды тых, каму падабаецца назва ў гонар памяці Леніна, больш слушныя за нашы? Мясцовыя ўлады маглі б зладзіць грамадскае абмеркаванне ды падлічыць, колькі галасоў будзе „за“, колькі „супраць“, і якія яшчэ ў людзей ёсць думкі», — кажа спадарыня Таццяна.

Пад петыцыяй цягам тыдня падпісаліся 325 чалавек. Апрача гэтага, подпісы збіраліся і пад калектыўнымі лістамі. Сабраўшы 114 подпісаў за некалькі дзён, Таццяна Севярынец аднесла ў аблвыканкам і іх.
Адказ на петыцыю

Адказ на петыцыю

Бібліятэку імя Скарыны ўлады таксама не хочуць

У каментарах да петыцыі гучалі прапановы замест імя Леніна ўшанаваць у назве абласной бібліятэкі памяць тых асобаў, якія зрабілі вялікі ўнёсак у беларускую культуру. Згадвалася, прыкладам, імя Францішка Скарыны.

Летась у Віцебску больш за 500 чалавек падпісаліся пад петыцыяй ушанаваць у назве абласной бібліятэкі замест Леніна Францішка Скарыну. З Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы, культуры і ў справах моладзі ім адказалі, што пытанне «патрабуе дэталёвай прапрацоўкі і вывучэння грамадскай думкі, паколькі такія дзеянні могуць выклікаць негатыўную рэакцыю ў часткі насельніцтва». Ідэолагі выказалі меркаванне, што назваць бібліятэку ў гонар Скарыны можна было б да нейкай юбілейнай даты, але, маўляў, у 2018 годзе «скарынаўскіх» юбілеяў няма.
Збор подпісаў за пераймеаванне бібліятэкі

Збор подпісаў за пераймеаванне бібліятэкі

Ранейшыя спробы перайменавання бібліятэкі таксама не мелі поспеху

У 2019-м славутаму пісьменніку і земляку Васілю Быкаву спаўняецца 95 гадоў. Адзначыць гэта перайменаваннем бібліятэкі ўлады не хочуць.

Зрэшты, самая першая прапанова перайменаваць бібліятэку ў гонар Быкава прагучала яшчэ ў 2003 годзе. Прадстаўнікі Таварыства беларускай мовы накіравалі лісты з прапановамі ў адміністрацыю Лукашэнкі, Міністэрства культуры, мясцовым уладам. Адказам сталі пратэсты мясцовых вэтэранаў.

У адказе загадчыка ўпраўлення абласнога аддзелу культуры гаварылася, што «напярэдадні святкаванняў 60-х угодкаў вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў лічым немэтазгодным пераймяноўваць дзяржаўную ўстанову „Віцебская бібліятэка імя Леніна“, бо гэта справакуе супрацьстаянне ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны».

svaboda.org

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: