У Віцебску адзначаць Дзень Волі віртуальна

Дзень Волі падчас каранціна.
Гараджан запрасілі ў адмысловую групу ў Фэйсбуку, дзе да 25-га сакавіка будуць збіраць узаемныя віншаванні. Сюды можна даслаць фотаздымак з нацыянальным сцягам або ў вышыванцы, выкласці відэа з пажаданнямі, чытаннем вершаў або хронікай святкаванняў мінулых гадоў.

Такі фармат быў абраны ў сувязі з тым, што ўсе масавыя мерапрыемствы сталі патэнцыйна небяспечнымі, кажа старшыня абласной арганізацыі партыі БНФ Кастусь Смолікаў:

– Сітуацыя з каронавірусам вельмі напружаная, людзі стараюцца лішні раз не збірацца на нейкія масавыя мерапрыемствы. Таму была прапанова стварыць групу, каб кожны ўдзельнік мог павіншаваць жыхароў Віцебска з гадавінай Беларускай Народнай Рэспублікі.

Да сёлетніх угодкаў БНР створаны і адмысловы відэаканал 25 сакавіка#Віцебск, дзе сабраны беларускія фільмы і спевы, каб кожны мог правесці Дзень Волі з адпаведным настроем і пад добрую музыку. 25 сакавіка арганізатары віртуальнага святкавання хочуць выкласці туды ж і відэаролікі сёлетніх віншаванняў.

Фармат адзначэння Дня Волі «у рэале» таксама абмяркоўваецца. Традыцыйнай імпрэзай 25-га сакавіка штогод было ўскладанне кветак да мемарыяльнай дошкі на будынку мастацкай вучэльні, дзе вучыўся Васіль Быкаў, і да помніка Уладзіміру Караткевічу. Вядома, і сёлета ахвотныя змогуць зрабіць гэта калі не калектыўна, дык індывідуальна.

racyja.com

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: