У Віцебску новае графіці, сугучнае таму, за якое ўжо судзілі

Графіці на трансфарматарнай падстанцыі, прысвечанае віцебскай мастацкай суполцы «УНОВИС» («Утвердители Нового Искусства»), стварае выпускніца тэхналагічнага ўніверсітэту Ірына Бараган.
Ірына стала пераможцай адмысловага конкурсу, які праводзіўся кампаніяй «Экапраект», Віцебскім дзяржаўным тэхналагічным універсітэтам і Віцебскім цэнтрам сучаснага мастацтва. Адной з умоваў конкурсу было, што графіці мае быць размешчаным менавіта на гэтай пляцоўцы.

На сцяне падстанцыі — чорны квадрат, відавочная алюзія да знакамітага твору Казіміра Малевіча. На чорным квадраце — выява клеткі, з якой «вылятаюць» квадрацікі з крылцамі. Паводле задумы аўтаркі, гэта сімвалізуе распаўсюд ідэяў мастацкай суполкі 1920-х гадоў, якія не губляюць папулярнасці і разлятаюцца па ўсім свеце.

Але многія віцябляне пазнаюць у гэтым малюнку матывы іншага графіці, якое стала прычынай шэрагу судовых працэсаў над віцебскімі незалежнымі журналістамі і актывістамі. У лістападзе 2014 група з сямі чалавек сфатаграфавалася на тле малюнка, які вулічны мастак УРА зрабіў на будынку па вуліцы Іллінскага. На малюнку таксама былі клеткі, з якіх «выляталі» птушкі, нібыта зробленыя з газэты. Журналісты сфатаграфаваліся на фоне малюнка, бо лічылі яго ўвасабленьнем вольнай прэсы. Віцебская міліцыя расцаніла гэта як несанкцыянаваную акцыю, і ўсе ўдзельнікі фотасэсіі былі пакараныя штрафамі і нават «суткамі».


У кастрычніку 2015-га года, якраз напярэдадні сусветнай кампаніі салідарнасці «Станем за журналістыку», графіці на будынку зафарбавалі. Прычым службы ЖКГ атрымалі распараджэнне непасрэдна з аблвыканкаму.

Цяпер у горадзе ствараецца малюнак з падобнай ідэяй. Ці не палічаць і яго «крамольным»?


Паводле svaboda.org

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: