У Віцебску прадставілі новы праект пабудовы Сафійскага сабору

Мінулая спроба ўзвесці храм у гарадскім парку, знішчыўшы каля 200 дрэваў, не была здзейснена пад уплывам грамадскіх пратэстаў. Афіцыйнай прычынай адмовы гарадскіх уладаў ад прынятага раней рашэння сталася немагчымасць пацвердзіць наяўнасць грашовых сродкаў у заяўніка – Віцебскай епархіі праваслаўнай царквы. Гарвыканкам прапанаваў пад будаўніцтва іншае месца – незабудаваную тэрыторыю на схіле левага берага Дзвіны.
Праект выкананы на падставе апісанняў полацкай Сафіі, якой яна была ў 11-м стагоддзі, кажа аўтар, архітэктар Ігар Роцька:

– Гэта спроба паказаць стылістыку беларускіх храмаў сярэдзіны 11-га стагоддзя. Калі прааналізаваць планіровачнае рашэнне, то гэта, так скажам, чатыры слупы, ярус на ўзроўні хораў, так званая «княская галерэя». Цэнтральны купал вялікі, чатыры купалы вакол і два спераду на вежах – сем купалоў.

Архітэктурна-планіровачную канцэпцыю храма прадставілі ва Успенскім віцебскім саборы. На прэзентацыі прысутнічалі журналісты, вернікі, архітэктары і прызначаны ўжо настаяцель Сафійскага сабора айцец Міхаіл (Мартыновіч).

У цяперашнім выглядзе і на новым месцы новы храм будзе дарэчы, лічыць былы праціўнік будаўніцтва, старшыня Віцебскай арганізацыі БНФ Канстанцін Смолікаў:

– Праект выдатны. Тое, што ён не ў гістрычным цэнтры – таксама добра. Калі з’явіцца ў Віцебскай епархіі такі вялізны храм, пабудаваны нанова, у іх будзе менш хваравітай боязі, што старыя храмы нехта адбярэ і верне ці ўніятам, ці католікам — сказаў Кастанцін Смолікаў у камэнтары Беларускаму Радыё Рацыя.

Насамрэч, значная частка віцебскіх праваслаўных цэркваў – гэта перабудаваныя храмы, якія даўней належалі прадстаўнікам іншых канфесій. Але ёсць выпадкі, калі царкоўныя «новабуды» ператварыліся ў «даўгабуды», як віцебская царква Архангела Міхаіла, якую не могуць дабудаваць ужо цягам 15-ці гадоў. Увасабленне праекта Сафійскага сабора запатрабуе значных сродкаў – ад 6-ці да 8-мі мільёнаў долараў, паводле архітэктара Ігара Роцькі. У епархіі сцвярджаюць, што ўжо маюць надзейных спонсараў.

Ідэя ўзвесці ў Віцебску копію полацкага Сафійскага сабору, якім ён быў у 11-м стагоддзі, была агучаная ў 2013 годзе. Яна належыць архіяпіскапу Віцебскаму і Аршанскаму Дзімітрыю, які заявіў, што гэтае будаўніцтва «асабліва актуальнае ў сувязі са святкаваннем 1025-годдзя Хрышчэння Русі. Фінансаванне аб’екту, паводле віцебскіх чыноўнікаў і царкоўных уладаў, нібыта меўся браць на сябе расійскі «Газпрам».

narodny.org

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: