У Віцебску збіраюць подпісы за шыльды з гістарычнымі назвамі вуліц

За тое, каб на дамах побач з наяўнымі шыльдамі, дзе напісаны сучасныя назовы вуліц, з’явіліся шыльды з гістарычнымі назовамі, выступае грамадскае аб’яднанне «Альтэрнатыва».
Прыхільнікі гэтай ідэі сабралі ўжо каля 200 подпісаў і збіраюцца сабраць не менш за тысячу ў бліжэйшыя дні. Потым падпісныя аркушы перададуць у аблвыканкам, распавёў намеснік кіраўніка «Альтэрнатывы», віцяблянін Аляксандр Корнышаў.

— Мы ж не просім памяняць назвы, перайменаваць гэтыя вуліцы. А проста дадатковыя шыльдачкі, што ў такім-та годзе вуліца называлася так, у іншым — так. Мы выбралі 14 вуліц, адну плошчу і адзін праспект. Але гэта толькі пачатак. Хаця б зрабіць гэта на галоўных вуліцах у гістарычным цэнтры. Ён у нас цяпер аніякі. 

З падобнай прапановай у аблвыканкам яшчэ летась звярталася каардынатарка аргкамітэту па стварэнні БХД Таццяна Севярынец. Разам з аднадумцамі яна правяла вялікую пошуковую працу ў архівах і перадала матэрыялы сваіх даследаванняў уладам. Там была гісторыя назваў кожнай з цэнтральных вуліц.

— Гэтая праца, якую мы выканалі, дужа каштоўная! Мы прынеслі ў выканкам гатовенькае! Вазьміце, калі ласачка! Улады падзячылі: у лісце напісалі нам «будзем мець на ўвазе
». Таму гэтая ініцыятыва са зборам жывых подпісаў — таксама добрая, я яе ўхваляю. Мне ўсё адно, на чыю прапанову ўлады ўрэшце рэшт адгукнуцца! Мне галоўнае, каб гэта здарылася!



Збіральнікі подпісаў кажуць, што большасць віцебскіх мінакоў, да якіх яны звярталіся, ставяцца да прапановы «Альтэрнатывы» прыхільна. Яны адзначаюць і тое, што цяперашнія шыльды з назвамі вуліц у гістарычным цэнтры Віцебску даўно вымагаюць замены: яны старыя, зроблены ў розных стылях, і глядзяцца не толькі не сучасна, а нават неахайна.

racyja.com

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!