«У залу цяпер прапускаюць усіх ахвотных». Аднавіліся слуханні па «справе студэнтаў»

17 чэрвеня аднавіўся працэс па «справе студэнтаў» мінскіх ВНУ, якіх вінавацяць ва ўдзеле ў леташніх акцыях пратэсту і ў іх арганізацыі.

Працэс пачаўся 14 мая, але з прычыны каронавірусу праходзіў не ў старым будынку Савецкага райсуду на Лагойскім тракце, а ў Доме правасуддзя на вуліцы Сямашкі, піша «Свабода». Суд спыніўся ў канцы мая з прычыны карантыну ў камерах «Валадаркі», дзе ўтрымліваюць двух фігурантаў справы. 17 чэрвеня адбылося чарговае, 10-е пасяджэнне суду — ужо ў новым будынку суду на вуліцы Францыска Скарыны, 6б. Сёння дапыталі апошніх сведак і пачалі вывучаць матэрыялы справы — некалькі дзясяткаў тамоў.

Фігурантамі справы сталі 12 чалавек, сярод іх 10 студэнтаў, былая выпускніца і адна выкладчыца МДЛУ.

Працаваў з кастрычніка, а сведчыў пра верасень

Сведка Мікіта Іваноўскі, ахоўнік Мінскага гуманітарнага лінгвістычнага ўніверсітэту, расказаў суду, што бачыў у карпусах А і Б у верасні мінулага года, калі студэнты ін’язу пратэставалі супраць фальшавання прэзідэнцкіх выбараў і гвалту сілавікоў. Паводле сведкі, студэнты падчас пратэстаў хадзілі па калідорах і лесвіцах, спявалі песні, а часам стаялі моўчкі, але праходу іншых не заміналі. «Таму не было да іх заўваг», — прызнаў сведка Іваноўскі.

Яшчэ адзін сведка тых жа падзей, па прозвішчы Паўлаў, — былы міліцыянт, які працуе ў МДЛУ з кастрычніка. Адметна, што сведка Паўлаў расказваў суду ў тым ліку пра падзеі, якія здарыліся ў верасні. Што Паўлаў мае права быць сведкам, вырашыла следзтва.

Удзельнікаў акцый студэнтаў сведка называў «натоўпам» і паведаміў суду, што найбольш актыўныя студэнты заходзілі ў аўдыторыі, дзе да іх далучаліся новыя ўдзельнікі страйку. У адным выпадку, паводле сведкі Паўлава, да «маршу» далучылася ўся група ў складзе 13 чалавек.

Таксама Паўлаў расказаў пра інцыдэнт, калі выкладчык Валерый Пішчыкаў падчас маршу студэнтаў па будынку ін’язу ўдарыў аднаго са студэнтаў, якія пратэставалі. Сведка згадаў, што заклікаў выкладчыка супакоіцца ды не брыдкасловіць, і той прапусціў студэнтаў далей.

Паводле сведкі Паўлава, у сярэдзіне верасня на акцыях каля ўваходу ў будынак МДЛУ штораз збіралася па некалькі дзясяткаў чалавек, у тым ліку з бчб-сімволікай. 19 верасня ахоўнікі налічылі шэсць бчб-сьцягоў.

На пытаньне, адкуль сведку гэта вядома, Паўлаў патлумачыў, што пра вераснёўскія падзеі даведаўся, прагледзеўшы відэа з відэарэгістратара свайго калегі. Суд зняў пытанне абароны пра тое, ці можа лічыцца сведкам падзеі той, хто назіраў за ёй праз відэа.

Таксама ў судзе высветлілася, што падчас допыту на следзтве Паўлаў сцвярджаў, што ўдзельнікі пратэставых акцый «блакавалі» праход у будынак ін’язу і заміналі праходу па калідорах. Між тым у судзе слова «блакавалі» сведка не ўжываў. Пасля пытанняў адвакатаў сведка згадаў, што гэтае слова яму падказаў следчы.

Відэаканферэнцыя студэнтаў і Святлана Ціханоўская

Апошнім сведкам, дапытаным на слуханнях 17 чэрвеня, стаў бацька падсуднага Іллі Трахтэнберга, Віталь Трахтэнберг.

Паводле сведкі, у дзеяннях ягонага сына не было нічога супрацьзаконнага. «Збіраліся піць гарбату, паесці піражкі, абмеркаваць свае праблемы», — казаў сведка пра сустрэчы студэнтаў.

Віталь Трахтэнберг згадаў, як сын браў удзел у відэаканферэнцыі, якая доўжылася 20 хвілін (бацька ў гэты момант быў у суседнім пакоі, але чуў размову сына, які быў у навушніках. — РС). Сказаў, што толькі ў канцы Ілля задаў «адно ці два пытанні» пра кампенсацыю ў выпадку адлічэння з унівэрсітэту, але ні да чога не заклікаў і не арганізоўваў.

«У студэнтаў арганізатараў увогуле няма, гэта структура, якая самаарганізуецца, самая актыўная і разумная», — выказаў меркаванне Віталь Трахтэнберг. Паводле сведкі, у відэаканферэнцыі, пра якую ён расказваў, брала ўдзел Святлана Ціханоўская, гэта яму казаў сын Ілля. Віталь Трахтэнберг лічыць натуральным, што студэнты цікавяцца тэмай кампенсацыі пасля адлічэньня з ВНУ і тым, ці можна будзе працягнуць вучобу за мяжой. Свайго сына Іллю сведка Віталь Трахтэнберг назваў «моцнай асобай», якая «не будзе слепа выконваць нечыя рэкамендацыі».

Афіцыйна з прычыны захадаў, звязаных з каронавірусам, у судовую залу раней прапускалі абмежаваную колькасць наведнікаў — толькі дваіх сваякоў на фігуранта справы. Такім чынам, для журналістаў на працэсе месцаў не хапала. У новым будынку сітуацыя змянілася.

«Так, цяпер прапускаюць усіх ахвотных. Зала недзе месцаў на 70, але запоўненая была напалову», — паведаміў адзін з наведнікаў.

14 мая, у першы дзень працэсу над студэнтамі, каля будынку Дома правасуддзя на вуліцы Сямашкі затрымалі 14 чалавек, у асноўным студэнтаў, якія прыйшлі падтрымаць сваіх сяброў і не змаглі трапіць на працэс. Сярод затрыманых аказаліся таксама палітык Анатоль Лябедзька і журналістка Tut.by Любоў Каспяровіч.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: