У жаночай калоніі Гомеля адбыўся пажар

Сваякі жанчын, якія адбываюць пакаранне ў гомельскай калоніі № 4, заяўляюць, што 24 жніўня там адбыўся пажар. Згарэлі шафы з асабістымі рэчамі жанчын, ніхто не пацярпеў, перадае Радыё Свабода.
Гомельская калонія №4

Гомельская калонія №4

«Дзяўчаты скардзіліся адміністрацыі, што смярдзела праводка. Ніхто не звярнуў увагу на скаргі. Яны пайшлі на сняданне — будынак загарэўся. Цяпер баяцца, што іх зробяць вінаватымі. Гэта значыць — мінус перадачы, спатканні, умоўна-датэрміновае вызваленне», — кажа Свабодзе жанчына, дачка якой адбывае пакаранне ў калоніі.

Паводле маці адной з асуджаных, пажар адбыўся ў адным са старых будынкаў калоніі, дзе сядзяць жанчыны, пакараныя па «наркатычным артыкуле». Пры гэтым «атрад разлічаны, па санітарных нормах, на 80 чалавек, насамрэч сядзіць 150», распавяла жанчына на ўмовах ананімнасці.

У Гомельскім упраўленні па надзвычайных сітуацыях пацвердзілі, што ў інтэрнаце калоніі было задымленне, прыцягвалася тэхніка МНС, праводзіцца праверка.

Летась сваякі асуджаных склалі пэтыцыю да МНС з патрабаваннем правесці праверкі супрацьпажарнай бяспекі ў беларускіх турмах, сцвярджаючы, што там парушаюцца ўсе нормы пажарнай бяспекі і «дзе па нормах павінны ўтрымлівацца 500 чалавек, сядзяць па 2 тысячы». «Хто можа гарантаваць, што людзі ў закрытай прасторы не згараць у надзвычайнай сітуацыі, пры такіх парушэннях?», — ставілі пытанне заяўнікі.

Міністэрства па надзвычайных сітуацыях на зварот адказала, што «для прызначэння праверкі неабходна прадставіць дакумэнты, якія пацвярджаюць парушэнні, ці факты ўзнікнення пагрозы жыццю і здароўю людзей».

Гэта публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!