У заснежаным Слуцку ў дварах буксуюць аўтамабілі

Камунальнікі Слуцку нядрэнна чысцяць снег каля дамоў, па асноўных вуліцах прайшлася снегаўборачная тэхніка. А вось аўтамабілістам не выбрацца з двара.


Адкапаўшы свае машыны з-пад снегу і расчысціўшы тэрыторыю навокал, як патрабуе гэтага закон, ім, каб выехаць, трэба яшчэ пачысціць лакальныя дарогі, якія вядуць з прыдамавой тэрыторыі на бліжэйшую вуліцу. Чысціць праездную частку, па законе, павінны жыллёва-камунальныя службы. Менавіта на адсутнасць такой паслугі паскардзіліся карэспандэнту «НЧ» жыхары Слуцка.

«Месім снег каля дому ўжо чацвёрты дзень, машыны не могуць выехаць на вуліцу з прыдамавой тэрыторыі, — скардзіцца Ала Дудчанка, якая пражывае ў доме №7 па вуліцы Будаўнікоў. — Камусьці трэба на працу, камусьці ў бальніцу. Калі падаем заяўку, камунальнікі гавораць, што не паспяваюць. Затое каля райвыканкама так вычысцілі, да асфальту».


«Калі ты нават выехаў са свайго двара — не факт, што не забуксуеш у іншым двары», — гаворыць Сяргей Долбік, майстра па рамонту ўваходных кодавых дзвярэй, які пражывае на той жа вуліцы, але ў іншым доме. Ён рамантуе дзверы ў розных дамах і дварах.

З ім салідарны ўладальнік аўто, які 17 студзеня забуксаваў на вулачцы каля тэрытарыяльнага цэнтру сацыяльнага абслугоўвання. Уладзімір Іванавіч, як ён назваў сябе, прыехаў у цэнтр за патрэбнай інфармацыяй: «Павярнуў на вулачку, каб развярнуцца. Не думаў, што  тут засяду. Звычайна каля ўсіх устаноў чысцяць у першую чаргу».

А што кажуць камунальнікі? .

Майстра ЖЭУ-1 Ала Дубовік пацвердзіла, што своечасова чысціць снег камунальныя службы не паспяваюць — не хапае трактароў. «Робім ўсё па меры сваіх магчымасцяў. Паступова пачысцім двары. Прымаем заяўкі і стараемся іх выканаць. Канкрэтна тэрмін выканання не магу сказаць. Калі атрымаецца», — паведаміла супрацоўнік ЖЭУ.

Таксама майстра ЖЭУ расказала пра пазітыўны прыклад жыхароў з вуліцы Іваноўскага, якія, ўзброіліся лапатамі і належным чынам вычысцілі сваю вуліцу, не даймаючы запытамі ЖЭУ.


Жыхары дома №22 па вуліцы 8-е Сакавіка не такія арганізаваныя, як на вуліцы Іваноўскага, і лічаць, што яны аплачваюць паслугі ЖКГ дзеля таго, каб іх атрымліваць. 17 студзеня яны зрабілі заяўку па ачыстцы свайго двара і абураюцца тым, што трактар, які папярэдне чысціў вуліцу, засыпаў праезды снегам з вуліцы.

Адзін з дворнікаў, які прасіў не называць яго прозвішча, у размове з карэспандэнтам абвінаваціў у заснежанасці горада райвыканкам — нібыта, той не выдзяляе сродкі на салярку для тэхнікі.

Сапраўды, калі дворнікаў з лапатай можна было заўважыць каля дамоў ў розных мікрараёнах, снегаўборачнай тэхнікі, якая павінна чысціць прыдамавыя тэрыторыі каля дамоў, на працягу дня я не заўважыла.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: