«У затрыманых былі нажы, кастэты, маскі». Міліцыя пра жорсткія затрыманні ў тралейбусе

Намеснік начальніка ГУУС Мінгарвыканкама — начальнік міліцыі грамадскай бяспекі Іван Кубракоў ў эфіры праграмы «Контуры» на тэлеканале АНТ пракаментаваў прычыну жорсткага затрымання ўдзельнікаў дазволенай акцыі ў Мінску 15 сакавіка.

Кубракоў падкрэсліў, што прадстаўнікі органаў аховы правапарадку выконвалі свае службовыя абавязкі, «зыходзячы з наяўнай аператыўнай абстаноўкі». У прыватнасці, затрымліваць людзей у транспарце, дзе было шмат звычайных пасажыраў, якiя не прымалi ўдзелу ў Маршы недармаедаў, прыйшлося таму, што ў парушальнікаў закона аб масавых мерапрыемствах з сабой былі «нажы, кастэты, маскі», і яны маглі прычыніць шкоду навакольным.

Афіцыйны прадстаўнік МУС Георгій Еўчар раней адзначаў, што артыкулам 11 закона аб масавых мерапрыемствах забаронена хаваць свае твары пад маскамі. «Падчас акцыі 15 сакавіка асобныя грамадзяне груба парушылі закон аб масавых мерапрыемствах, які забараняе хаваць твары пад маскамі. Супрацоўнікі міліцыі папярэджвалі аб неправамернасці такіх дзеянняў. Аднак законныя патрабаванні праваахоўнікаў грамадзяне праігнаравалі і працягнулі ўдзел у мерапрыемстве менавіта ў масках. З мэтай высвятлення асобы, а таксама магчымай датычнасці да іншых правапарушэннях было прынята рашэнне аб затрыманні», — сказаў Георгій Еўчар.

Нагадаем, вечарам 15 сакавіка, у Дзень Канстытуцыі, у Мінску, Гродне і Магілёве прайшлі чарговыя «Маршы недармаедаў». У Мінску акцыя была дазволена ўладамі, але без затрыманняў не абышлося: па звестках праваабаронцаў былі затрыманыя больш за 50 чалавек. Пасля завяршэння «Марша» людзі ў цывільным, не прадстаўляючыся і не паказваючы дакументаў, затрымлівалі пасажыраў у тралейбусе, выводзілі на вуліцу і запіхвалі ў мікрааўтобусы. Удзельнікі акцыі атрымалі 12-15 сутак адміністрацыйнага арышту.

Паводле tut.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: