У «Звяздзе» звольнілі галоўнага рэдактара, увесь калектыў звальняецца следам. Абноўлена

Міністэрства інфармацыі звольніла галоўнага рэдактара газеты «Звязда» — дырэктара выдавецкага дома «Звязда» Паўла Сухарукава. Следам за ім звальняецца ўвесь калектыў выдання. Пра гэта піша Еўрарадыё
Як напісала супрацоўніца «Звязды» Ірэна Кацяловіч, журналісты заявілі, што хочуць пісаць праўду пра падзеі ў краіне. Пасля гэтага да іх прыехаў разбірацца міністр інфармацыі Ігар Луцкі.

«Учора мая «Звязда» абвясціла кіраўніцтву, што хоча сумленна асвятляць падзеі ў краіне, такі сабе байкот — у рэдакцыю прыехаў міністр інфармацыі, потым ідэалагіня з Адміністрацыі прэзідэнта, а сёння звольнілі галоўнага рэдактара. Калектыў піша зварот да міністэрства і звальняецца ўслед», — піша Кацяловіч.

Гэта не першая праява салідарнасці працоўных калектываў. Напярэдадні гэтак жа ўвесь калектыў падтрымаў дырэктара Купалаўскага тэатра Паўла Латушку, якога звольнілі рашэннем Саўміна.

Падчас сходу супрацоўнікам выдавецкага дома пазваніў сам Павел Сухарукаў і паведаміў, што яго ўсё ж не звальняюць. Рашэнне скасаванае, піша nn.by.

«Але рэдакцыя «Звязды» была зацікаўлена не толькі ў вяртанні галоўнага рэдактара, мы таксама пратэстуем супраць дзеянняў і палітыкі Міністэрства інфармацыі і зараз абдумваем свае далейшыя крокі і патрабаванні», — тлумачыць Ірэна Кацяловіч.

Частка калектыву плануе пачаць забастоўку і абдумвае розныя варыянты, у тым ліку і прыпыненне выхаду газеты

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: