У Беларусі адзначаюць Дзень Волі

Дзень Волі — 98-ю гадавіну абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР) — адзначае дэмакратычная грамадскасць Беларусі. Афіцыйна гэтае свята ў краіне не адзначаецца.



Дзень Волі, 2015 г.


Заяўка на правядзенне мітынгу і шэсця была пададзеная ў Мінгарвыканкам 3 сакавіка. Шэсце планавалася ад Акадэміі навук па праспекце Незалежнасці да парку Янкі Купалы, аднак чыноўнікі змянілі маршрут: яны прапанавалі арганізатарам сабраць людзей каля кінатэатра "Кастрычнік" і прайсці па вуліцы Сурганава да плошчы Бангалор, дзе дазволена правесці мітынг.
 

Аргкамітэт па правядзенні вулічнай акцыі з нагоды Дня Волі назваў правакацыйным рашэнне Мінгарвыканкама змяніць фармат акцыі. "Гэта правакацыя з боку чыноўнікаў гарвыканкама і міліцыі. Апошнія паўгода паказалі, што акцыі ў цэнтры горада ніякай пагрозы грамадскаму парадку не нясуць", — заявіў адзін з заяўнікаў акцыі, сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" Віталь Рымашэўскі на прэс- канферэнцыі 18 сакавіка.


Ён заклікаў грамадзян сабрацца 25 сакавіка з 18.00 да 18.30 на пляцоўцы каля кінатэатра "Кастрычнік", што дазволена Мінгарвыканкамам. "Там мы і вырашым, ці варта ісці па прапанаваным уладамі маршруце", — заявіў палітык.

Адзін з членаў аргкамітэта, экс-палітвязень Мікалай Статкевіч лічыць, што ўлада ў чарговы раз паказала свой антынацыянальны характар. Палітык адзначыў, што ён сам, а таксама іншыя жыхары і госці сталіцы думаюць па-іншаму і захочуць выказаць падзяку бацькам-заснавальнікам БНР і іншым дзеячам нацыянальнага адраджэння. Былы палітвязень заявіў, што ў 17.00 мае намер ускласці кветкі да помніка паэту Янку Купалу ў аднайменным скверы, пасля чаго адправіцца да месца збору ўдзельнікаў святкавання.


24 сакавіка актывісты БХД перадалі прадстаўнікам Мінгарвыканкама, Савета міністраў і ніжняй палаты Нацыянальнага сходу запрашэнні ўзяць удзел у святкаванні Дня Волі.


Рымашэўскі паведаміў, што на мітынгу з нагоды Дня Волі 25 сакавіка ў Мінску плануецца прыняць рэзалюцыю з патрабаваннем да ўладаў прызнаць гэты дзень нацыянальным святам Беларусі. Бел-чырвона-беламу сцягу павінна быць вернутае "належнае дзяржаўнае месца", падкрэсліў палітык. "На сцяжках, якія мы перадавалі ў дзяржаўныя ведамствы, таксама быў размешчаны герб "Пагоня". Мы прапануем мінскім уладам выкарыстоўваць яго на афіцыйных мерапрыемствах, бо ён занесены ў рэестр гісторыка-культурных каштоўнасцяў. Хай два сцягі — бел-чырвона-белы і зялёна-чырвоны — выкарыстоўваюцца для пачатку на афіцыйным узроўні хаця б разам", — дадаў ён.


Незалежнасць БНР была абвешчаная ў ноч з 24 на 25 сакавіка 1918 года. Пасля зрыву мірных перамоў у Брэсце і наступлення германскіх войскаў бальшавікі пакінулі Мінск. У гэтай сітуацыі дзеячы Цэнтральнай беларускай вайсковай рады і выканаўчага камітэта Рады Усебеларускага з'езда абвясцілі сябе часовай уладай на тэрыторыі краіны да склікання Устаноўчага сейма. 21 лютага 1918 года выканкам Рады сфарміраваў першы ўрад БНР — Народны сакратарыят на чале з Язэпам Варонкам.


Урад БНР прыкладаў нямала намаганняў для арганізацыі нацыянальных інстытутаў. Была прынятая пастанова аб дзяржаўным статусе беларускай мовы, адкрываліся беларускія школы і гімназіі, культурна-асветніцкія таварыствы і тэатры, працавалі выдавецтвы, выходзілі беларускія газеты, вялася праца па адкрыцці ў Мінску Беларускага ўніверсітэта. З'явіўся пашпарт грамадзяніна БНР, у тым ліку дыпламатычны, узаконеная дзяржаўная сімволіка — бел-чырвона-белы сцяг і герб "Пагоня". У шэрагу краін Еўропы адкрыліся дыппрадстаўніцтвы БНР.


Аднак з-за складанага ваенна-палітычнага становішча Рада БНР не змагла рэалізаваць ідэю дзяржаўнага суверэнітэту краіны — яна аказалася не абароненай перад расійскімі бальшавікамі і польскімі легіёнамі. У снежні 1918 года ўрад БНР быў вымушаны пераехаць у Вільню, затым — у Гродна. 1 студзеня 1919 года бальшавікі абвясцілі ўтварэнне Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі, якая ў 1922 годзе ўвайшла ў склад СССР.


Многія гісторыкі лічаць, што менавіта перыяд БНР стаў першым этапам дзяржаўнага станаўлення беларускай нацыі.
 
 
БелаПАН.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!