У Беларусі выкананы трэці смяротны прысуд за бягучы год

Асуджаны да смяротнага пакарання жыхар Гомеля Аляксандр Груноў расстраляны.



Пра гэта ПЦ «Вясна» стала вядома 4 лістапада ад яго маці Вольгі Груновай.
 
 
Вольга Грунова распавяла праваабаронцам, што атрымала паштовае апавяшчэнне, у якім значылася, што ёй прыйшла пасылка «да запатрабавання». У гэтай пасылцы былі рэчы, у якіх Аляксандр быў апрануты падчас знаходжання ў камеры смяротнікаў мінскай турмы Валадаркі.  
 
 
Днём раней праваабаронцам стала вядома, што Аляксандру Грунову было адмоўлена ў памілаванні: яго справа 13 кастрычніка паступіла ў Гомельскі абласны суд з адпаведнай пазнакай.
 
 
Нагадаем, у красавіку былі расстраляныя 23-гадовы студэнт Павел Сялюн і 45-гадовы Рыгор Юзэпчук. На сённяшні дзень праваабаронцам вядома пра яшчэ аднаго асуджанага, які чакае выканання прысуду,  54-гадовага Эдуарда Лыкава.
 
 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!