У Брэсцкай вобласці забаранілі ўсе пікеты да гадавіны знікнення Юрыя Захаранкі

Як паведаміў БелаПАН старшыня Брэсцкай абласной арганізацыі Аб'яднанай грамадзянскай партыі Уладзімір Вуек, іх актывісты і прыхільнікі партыі падавалі заяўкі на правядзенне 14 пікетаў, з іх 13 — у Брэсце і аднаго ў Бярозе.
 



У Брэсцкай вобласці ўлады забаранілі ўсе пікеты, прымеркаваныя да 14-й гадавіны знікнення былога міністра ўнутраных спраў Беларусі Юрыя Захаранкі. Палітык выкрадзены 7 мая 1999 года, пра яго лёс нічога невядома.
 

Мэта пікетавання — нагадаць грамадскасці пра гэту дату і прыцягнуць увагу да таго, што рэальнага расследавання спраў пра зніклых вядомых людзей у Беларусі — Юрыя Захаранку, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і журналіста Дзмітрыя Завадскага — не праводзіцца.



Усе акцыі прызначаліся на 7 мая. Працягласць кожнай па паўтара — дзве гадзіны, колькасць удзельнікаў — да 20 чалавек у пікеце.
 


Паводле слоў Вуека, у Брэсце першае пікетаванне яны планавалі з 10.00, апошняе — з 18.00. Месцы правядзення акцый: тры — у цэнтры горада, адна — у мікрараёне Усход насупраць супермаркета "Алмі"; астатнія — на стадыёне "Лакаматыў" і на пляцоўцы каля сцэны ў парку воінаў-інтэрнацыяналістаў, вызначаных гарвыканкамам для правядзення масавых мерапрыемстваў.

 

Як адзначыў Вуек, улады адмовілі ў пікетаванні ў цэнтры Брэста і каля супермаркета на той падставе, што ў заяўцы ўказаныя месцы, дзе правядзенне масавых мерапрыемстваў забаронена. На "Лакаматыве" і ў парку воінаў-інтэрнацыяналістаў, а таксама ў Бярозе пікеты забароненыя з матывіроўкай, што заяўнікі не заключылі дагаворы з органамі ўнутраных спраў, установай аховы здароўя і камунальным прадпрыемствам.



"Мы лічым, прычыны, па якіх гэтыя акцыі забароненыя, надуманыя. Рэальна ўлады не жадаюць публічнага выказвання меркавання аб праблеме, якую яны не вырашаюць", — заявіў палітык.



Вуек падкрэсліў, што забарону пікетаў яны маюць намер абскардзіць у судзе.

Ларыса Шыганава, БелаПАН.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!