У Буэнас-Айрэсе стартуе ралі "Дакар-2015", у якім удзельнічае беларуская каманда

Каманда "МАЗ-СПОРТаўта" ўдзельнічае ў міжнародным ралі-рэйдзе "Дакар–2015", якое стартуе 4 студзеня ў Буэнас-Айрэсе. 



Ралі-рэйд пройдзе па тэрыторыі Аргенціны, Балівіі і Чылі. Фініш чакаецца 17 студзеня ў Буэнас-Айрэсе. Працягласць трасы перавысіць 9 тысяч кіламетраў, а некаторыя ўчасткі размешчаны на вышыні больш чым 3,5 тысячы метраў. 



Каманда "МАЗ-СПОРТаўта" выступае на "Дакары" ўжо ў чацвёрты раз. Ад Беларусі на ралі-рэйд адправілася каля 30 чалавек, у тым ліку гоншчыкі, штурманы, механікі і спартыўны медык. Каманда выставіла тры грузавікі — два асноўныя экіпажы і "хуткую тэхнічку". Галоўная задача апошняй — дапамагаць двум іншым экіпажам падчас гонкі пры паломках. 



Асноўнымі экіпажамі будуць кіраваць Сяргей Вязовіч і Аляксандр Васілеўскі. А вось пілот "хуткай тэхнічкі" Аляксандр Палішчук зламаў руку ў гасцініцы Буэнас-Айрэса, таму яго заменіць Уладзімір Васілеўскі, паведаміла напярэдадні старту камунікацыйнае агенцтва АГТ. 



На спаборніцтвах беларусы разлічваюць трапіць у першую дзясятку. МАЗ сёлета дапрацаваў аўтамабілі для ралі-рэйда: канструкцыі сталі лягчэйшымі, рухавікі — мацнейшымі. Грузавік, якім кіруе Сяргей Вязовіч, скінуў 150 кілаграмаў вагі і атрымаў абноўлены матор на 912 конскіх сіл. Каманда таксама пастараецца выйграць час за кошт хуткасці абмену інфармацыяй: тэхнічны партнёр "МАЗ-СПОРТаўта" аператар velcom забяспечыць беларускіх удзельнікаў ралі бясплатным роўмінгам. 



Уладальнік каманды — ААТ "МАЗ"

 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: