У гісторыі Гродна стала менш «белых плям»

Адразу дзве новыя кнігі Віктара Саяпіна прэзентавалі ў Гродне. Адна з іх прысвечаная міжваеннаму гораду на старонках газет, другая — пасляваеннай гісторыі гарадзенскіх касцёлаў. Зала Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі ледзь змясціла ўсіх цікаўных.



Віктар Саяпін — аўтар вельмі пладавіты. У 2012 годзе ён выдаў сем кніг, прысвечаных гісторыі Гродна, у 2011 — пяць. Як ён сам  зазначае, «няма тых тэм па гісторыі Гродна, якія б мяне не цікавілі ці не захаплялі. На ўсё проста не хапае часу».

Былы намеснік Гродзенскай рэгіянальнай мытні, а зараз вядомы краязнаўца, не перастае рэгулярна радаваць гарадзенцаў  сваімі цікавымі гістарычнымі працамі. Не сталі выключэннем і новыя кнігі, што выйшлі ў серыі «HronoГродно» выдавецтва «ЮрСаПрынт».

Першая з іх закранае мала даследаваную раней тэму — міжваенны перыяд. Аўтар даследуе гісторыю Гродна на старонках газет 1913–1934 гадоў. Чым жыў і дыхаў горад, што турбавала тагачасных жыхароў Гродна, што важнага і запамінальнага адбывалася. Аб усім гэтым Віктар Саяпін паспрабаваў расказаць у сваёй кнізе.

«Менавіта  гэты невялікі прамежак часу быў вельмі спрыяльны ў развіцці нашага горада — быў збудаваны мост пра Нёман, адкрыўся краязнаўчы музей, працавалі ажно тры тэатры», — кажа аўтар.

Газеты таго часу адкрываюць для нас паўсядзённае жыццё: балі, з’езды грамадскіх аб’яднанняў і гурткоў, тэатральныя навіны. Колькасці СМІ, што выходзіла тады, сённяшнія гарадзенцы могуць толькі зайздросціць.

«Працы над кнігай было шмат, — дадае Віктар Саяпін, — прыйшлося  шчыльна папрацаваць у беларускіх і польскіх архівах, падняць усе падшыўкі газет, што выдаваліся тады не толькі ў Гродне, але і ў Беластоку ды Варшаве. А гэта вялікая колькасць інфармацыі».

Другая кніга «Гродзенскія касцёлы. Пасляваенная гісторыя. Дакументы і фотаздымкі» павінна была выйсці яшчэ два месяцы таму, аднак затрымалася з-за таго, што друкаваць яе вырашылі афсетным спосабам у Мінску. Пасля вызвалення Гродна ад фашыстаў, улады правялі інвентарызацыю ўсіх гарадзенскіх каталіцкіх храмаў на прыдатнасць да правядзення набажэнстваў.

«Улетку 2012 года я выпадкова знайшоў спісы маёмасці Назарэтанскага касцёла, Гарнізоннага касцёла (Фары Вітаўта). Колькі яшчэ цікавага ляжыць у нашых архівах. Гэта ж сапраўдныя скарбы!» — кажа Віктар Саяпін.

Дзякуючы выданню гэта кнігі, усе цікаўныя могуць азнаёміцца з унікальнымі  дакументамі. Тым больш, на 120-ці старонках месціцца больш за 90 фотаздымкаў, многія з якіх публікуюцца ўпершыню.

Пасля прэзентацыі кожны жадаючы мог асабіста пагутарыць з аўтарам кніг, выказаць свае пажаданні, атрымаць аўтограф. Да Віктара Саяпіна выстраілася цэлая чарга.

Гаворачы пра свае творчыя планы, краязнаўца  адзначыў: «Ёсць яшчэ цэлы пласт дакументаў і тэм, якія патрабуюць шчыльнага вывучэння».

Гісторыя жаночага манастыра, спартовыя гісторыя горада, гісторыя мясцовых піўных — вось некаторыя тэмы, над якім зараз працуе Віктар Саяпін.

t-styl.info

Здымкі Яна Лялевіча

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: