У Гомелі працягваецца пераслед журналістаў-фрылансераў

На карэспандэнта-фрылансера з Гомеля Кастуся Жукоўскага, сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ) склалі два адміністрацыйныя пратаколы (Кармянскі і Калінкавічскі РАУСы) за нібыта парушэнне арт. 22.9 КаАП (незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ). На падыходзе яшчэ і трэці пратакол, бо 6 студзеня Кастуся па тэлефоне запрашалі ў Веткаўскі РАУС.



Як вынікае з пратаколаў, якія карэспандэнт атрымаў поштай, яны былі складзены 28 снежня маёрам Калінкавічскага РАУС Уладзімірам Паўловічам і 29 снежня маёрам Кармянскага РАУС Аляксандрам Марозавым. У абодвых выпадках Жукоўскага таксама выклікалі для складання пратаколаў па тэлефоне і напярэдадні святаў.

Сюжэты, у вырабе якіх абвінавачваюць карэспандэнта, былі прысвечаны праблемам адсутнасці вады ў райцэнтры Карма, а таксама пераследу з боку міліцыі футбольных заўзятараў у Калінкавічах і выйшлі у эфіры тэлеканала «Белсат». У Ветцы фрылансер здымаў сюжэты аб крызізным становішчы на мясцовых малаказаводзе ды ткацкай фабрыцы.

Агулам на працягу 2015 году Жукоўскі атрымаў па рашэннях розных судоў штрафаў у агульным памеры на 31,5 мільёна рублёў за прафесійную дзейнасць — «незаконны выраб прадукцыі СМІ» (артыкул 22.9 КаАП).

Юрыст Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ) у Гомельскім рэгіёне Леанід Судаленка лічыць, што пераслед фрылансераў, якія актыўна збіраюць і распаўсюджваюць інфармацыю аб рэальным жыцці людзей у гарадах і вёсках рэгіёну, наўпрост паказвае стаўлення ўладаў да ітакой ініцыятывы.

«Чыноўнікам не падабаецца, калі пра іх пішуць і паказваюць рэальныя рэчы. За два апошнія дзесяцігоддзі яны, відаць, настолькі прызвычаіліся да лакіроўкі сытуацыі, што працаваць у іншых умовах проста не ў стане. Любое крытычнае слова, а тым больш відэа, абстаўлены такім занакадаўчым частаколам, што за ім не бачна ўжо сутнасці абазначанай праблемы. Застаецца толькі забарона — гэтага нельга, тое не дазволена. Ніхто ж не падвяргае сумневу праўдзівасьць інфармацыі таго ж Жукоўскага — ўсе толькі цвердзяць: не меў права», — падкрэсліў праваабаронца.

Нагадаем, што 4 студзеня адміністрацыйны пратакол за нібыта парушэнне арт. 22.9. КаАП (незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ) склалі таксама на незалежную журналістку з Гомеля Ларысу Шчыракову. Сюжэт, у вырабе якога абвінавачваюць журналістку, быў прысвечаны праблемам былога гадаванца школы-інтэрната з пасёлка Урыцкі і выйшаў у эфіры тэлеканала «Белсат».

ПЦ «Вясна»

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!