У Гродзенскай вобласці ствараецца “Рух маці 328”

У Гродна 7 лістапада прайшоў устаноўчы сход новай грамадскай арганізацыі, што аб’ядноўвае тых маці, дзеці якіх асуджаны паводле крымінальных спраў да турэмнага зняволення па артыкуле 328. Адсюль і назва новай арганізацыі – сацыяльна-асветніцкае грамадскае аб’яднанне “Рух маці 328”.



Фота: spring96.org


Першы сход прайшоў яшчэ ў жніўні бягучага года, пачаткова ў планах было стварэнне гарадской арганізацыі. Але пасля, калі да аргкамітэту далучыліся жанчыны з іншых рэгіёнаў — Ваўкавыску, Зэльвы, было вырашана рэгістраваць абласную структуру.

У кожнай з гэтых жанчын свая сямейная драма і свая гісторыя, якія яны расказваюць з непрыхаваным болем і слязьмі на вачах. Некаторыя апавядаюць пра незаконныя метады следства ў дачыненні да сваіх дзяцей ці мужоў, падмену пэўных фактаў, іншыя расказваюць пра надзвычай жорсткія ўмовы і метады ўтрымання ў турме зняволеных. Таму адной з мэтаў новай арганізацыі будзе спрыянне абароне правоў асуджаных. “Рух маці 328” збіраецца весці асветніцкую працу, а таксама дапамагаць тым, хто трапіў у бяду — як нарказалежным, так і іх сем’ям. Была расказана гісторыя, калі бацька аднаго з асуджаных маладзёнаў скончыў самагубствам — засіліўся адразу пасля прысуду свайму сыну. На мэце новага аб’яднання таксама прапаганда здаровага ладу жыцця без наркотыкаў.

На сходзе заснавальнікаў новай арганізацыі былі падрыхтаваныя ўсе неабходныя паперы для рэгістрацыі аб’яднання. У аргкамітэта ўжо былі праблемы з атрыманнем юрыдычнага адрасу, але яны пераадолены. Неўзабаве ініцыятары стварэння “Руху маці 328” пададуць усе дакументы на рэгістрацыю арганізацыі і будуць чакаць адказу з упраўлення юстыцыі. Старшынёй арганізацыі абрана пенсіянерка Ларыса Жыгар.

spring96.org

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: