У Магілёве дзяржаўны антыкрызісны кіраўнік асуджаны да 7 гадоў пазбаўлення волі — за карупцыю

Яго таксама асудзілі за незаконны абарот марыхуаны.



Суд Ленінскага раёна Магілёва вынес абвінаваўчы вырак па справе аб карупцыі ў адносінах да дзяржаўнага антыкрызіснага кіраўніка, які працаваў у абласным цэнтры.
 
 
Як паведаміла афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэта Беларусі Юлія Ганчарова, абвінавачаны прызнаны вінаватым у здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных ч. 5 арт. 16 і ч. 2 арт. 431 КК (падбухторванне да дачы хабару), ч. 1 арт. 14 і ч. 4 арт. 209 КК (замах на махлярства ў асабліва буйным памеры), ч. 1 арт. 328 КК (незаконны абарот наркатычных сродкаў) і асуджаны на сям гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці.
 
 
Прысуд у законную сілу пакуль не ўступіў.
 
 
Як паведамлялася раней, дзяржаўны антыкрызісны кіраўнік выкарыстаў атрыманую інфармацыю аб ходзе працэдуры ліквідацыі юрыдычнай асобы і магчымых прававых наступствах невыканання закона пры яе правядзенні. Далей ён паведаміў зацікаўленым асобам, што па выніках праверкі можа быць прызнаная несапраўднай здзелка па перадачы часткі маёмасці ліквідуемай арганізацыі ва ўласнасць іншай юрыдычнай асобы. Нібыта для вырашэння пытання аб спыненні гэтай праверкі падсудны схіліў да дачы хабару ў суме 100 тысяч долараў ЗША на карысць службовых асобаў Магілёўскага абласнога тэрытарыяльнага аддзела па санацыі і банкруцтве Міністэрства эканомікі.
 
 
Кіраўнік быў затрыманы супрацоўнікамі КДБ у Магілёве пасля атрымання 30.000 долараў.
 
 
Падчас ператрусаў у абвінавачанага ў аўтамабілі і па месцы жыхарства была выяўленая марыхуана.
 
 
Расследаванне крымінальнай справы вяло Галоўнае ўпраўленне па расследаванні злачынстваў у сферы арганізаванай злачыннасці і карупцыі СК Беларусі.
 
 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: