У Мінску пачаў працу VI з'езд беларусаў свету

Стан беларускай нацыі ва ўмовах глабалізацыі стане асноўнай тэмай VI з'езда беларусаў свету, які адкрыўся сёння ў Мінскім міжнародным адукацыйным цэнтры.



Двухдзённы з'езд арганізаваны міжнародным грамадскім аб'яднаннем "Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына". На яго з'ехаліся прыкладна 300 дэлегатаў, якія прадстаўляюць беларускія дыяспары з 20 замежных краін. 



Як лічаць арганізатары, тэма выклікаў і магчымасцяў, якія стаяць перад беларускай нацыяй у сучасным свеце, абумоўлена працэсамі, "калі назіраецца ўзмацненне працэсаў глабалізацыі". 


"Узаемазалежнасць і ўзаемныя ўплывы розных культур спараджаюць новае аблічча свету, светапогляд яго жыхароў і новыя магчымасці. Тым часам, калі міграцыйныя працэсы становяцца ўсё больш актыўнымі, усё больш павялічваецца значэнне нацыянальных дыяспар", — адзначаецца ў прэс-рэлізе пра з'езд. 



"У той жа час у новых умовах беларускія дыяспары сутыкаюцца і з праблемамі размывання нацыянальнай ідэнтычнасці, касмапалітызму значнай часткі новых эмігрантаў, памяншэння цікавасці да нацыянальнай дзейнасці сярод моладзі", — адзначаюць актывісты "Бацькаўшчыны". 



На з'езд запрошаны міністр культуры Беларусі Барыс Святлоў, супрацоўнікі дыпламатычных прадстаўніцтваў, рэлігійных арганізацый і таварыстваў. Запланавана сустрэча дэлегатаў з прадстаўніцтвамі дзяржаўных ведамстваў па пытаннях працы з беларусамі замежжа. 



У межах з'езда будуць працаваць тры тэматычныя секцыі: па пытаннях, што датычацца магчымасцяў унутраных сіл Беларусі і дыяспары па ўмацаванні нацыянальнай ідэнтычнасці, культурнай спадчыны беларускага замежжа, супрацоўніцтва "новай" і "старой" іміграцыі на карысць нацыянальнага развіцця. 



Даведка. З'езды беларусаў свету пад эгідай "Бацькаўшчыны" праходзяць раз у чатыры гады. Першы нацыянальны форум у 1993 годзе сабраў больш за тысячу дэлегатаў з Беларусі і беларускіх замежных дыяспар. 



"ЗБС "Бацькаўшчына" ўтварылася ў пачатку 1990-х гадоў. Першым прэзідэнтам аб'яднання стаў культавы беларускі пісьменнік Васіль Быкаў, старшынёй савета — празаік, крытык і літаратуразнавец Яўген Лецка. 



З 1993 па 2001 гады пасаду старшыні "Бацькаўшчыны" займаў грамадскі дзеяч, геолаг, акадэмік Радзім Гарэцкі, старшыні савета — Ганна Сурмач, якая была ў свой час дырэктарам Цэнтральнага дзяржаўнага архіва літаратуры і мастацтва Беларусі. 



Гісторык Анатоль Грыцкевіч і дзеяч культуры, каардынатар кампаніі "Будзьма беларусамі!" Алена Макоўская ў 2001 годзе былі абраныя на пасады прэзідэнта і старшыні савета аб'яднання адпаведна. У 2005 годзе на прэзідэнцкай пасадзе Грыцкевіча змяніў мастак Алесь Марачкін, месца старшыні савета засталося за Макоўскай. 



З 2009 года Алена Макоўская з'яўляецца прэзідэнтам "ЗБС "Бацькаўшчына". Каардынатар кампаніі "Будзьма беларусамі!" Ніна Шыдлоўская займае пасаду старшыні савета аб'яднання. 

 

Захар Шчарбакоў, БелаПАН
 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: