У Мінску праходзіць V "НеФорум блогераў" — сустрэча актыўных беларускіх і расійскіх карыстальнікаў сацсетак

Каля 100 беларускіх і расійскіх прадстаўнікоў кірылічнай блогасферы ўдзельнічае ў сустрэчы актыўных карыстальнікаў сацыяльных сетак  V "НеФоруме блогераў", які праходзіць 21—23 жніўня ў мінскім гатэлі Renaissance. 



Арганізатарамі мерапрыемства выступілі Еўразійскі камунікацыйны цэнтр, створаны на базе міжнароднага інфармацыйнага агенцтва "Расія сёння", і ўладальнікі папулярнай у свеце блог-платформы "Жывы журнал" (Livejournal). Праект рэалізуецца пры садзейнічанні гатэля Renaissance, аператара мабільнай сувязі "МТС", кампаніі Olympus, "Альфа-банка" і іншых.
 
 
Сустрэчу наведалі прадстаўнікі Міністэрства абароны, якія апошнім часам актыўна супрацоўнічаюць з блогерамі па шэрагу праектаў, і прадстаўнікі грамадскіх арганізацый і СМІ. 
 
 
На адкрыцці дырэктар Еўразійскага камунікацыйнага цэнтра Аляксей Пілько адзначыў, што гэты "НеФорум" асаблівы, бо ў 2015 годзе ён набыў міжнародны статус. Раней гэтыя сустрэчы праводзіліся толькі ў рэгіёнах Расіі. Пілько падкрэсліў, што сустрэча "падтрымана вялікай колькасцю структур, якія бачаць перспектыву ў працы з блогасферай". 
 
 
У сваю чаргу Аляксей Цыбулька, намеснік дырэктара Нацыянальнага прэс-цэнтра, які садзейнічаў арганізацыі "НеФорума" ў Мінску, адзначыў, што для Беларусі гэта "вельмі важная сустрэча". "Для нас гэты форум — гэта штосьці новае і незвычайнае. Мы пастараліся зрабіць усё, што ад нас залежыць, каб ваша знаходжанне было яркім і запамінальным", — сказаў ён. 
 
 
Цыбулька падкрэсліў, што на грамадскім узроўні тэме інтэрнэта і развіцця блогінгу "надаецца шмат увагі". Дзяржава, паводле яго слоў, пакуль не настолькі ўцягнутая ў гэтую дзейнасць, але яна "ў гэтым кірунку рухаецца", а форум "дасць штуршок у развіцці гэтага кірунку". 
 
 
Сёлета "НеФорум" раходзіць пад назвай "Новыя лідары меркаванняў". У першы і асноўны дзень удзельнікаў мерапрыемства чакаюць сустрэчы з прадстаўнікамі кампаній "Білайн", "Ростэлекам", Rambler & Co, Livejournal Russia, "Аднакласнікі.ру", VSP Group, праекта Hello Blogger, медыярэсурсу Lenta.ru, папулярнымі карыстальнікамі сацыяльнай сеткі "ВКонтакте", відэасэрвіса YouTube і фотасэрвіса Instagram. 
 
 
Акрамя таго, беларускія і расійскія блогеры паўдзельнічаюць у серыі майстар-класаў, якія прысвечаны блогінгу ў падарожжах, раскрутцы блогаў у Беларусі і іншаму. 
 
 
У другі дзень "НеФорума" для ўдзельнікаў запланавана экскурсія ў Мір, Нясвіж і гісторыка-культурны комплекс "Лінія Сталіна", а таксама сустрэча з прадстаўнікамі кампаніі Wargaming, распрацоўшчыкамі папулярнай ва ўсім свеце гульні World of Tanks.
 
 
Паводле БелаПАН

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: